Калісьці гэтае мястэчка было цэнтрам воласці Магілёўскага павета і жыццё тут проста віравала. «Да рэвалюцыі ў Вендаражы працаваў смалярны цэх, былі дзяржаўная вінная лаўка, заезны двор, карчма, два млыны, шпіталь. Слава ж пра мясцовы конезавод грымела на ўсю акругу!» — расказвае краязнавец Мікалай Асіпцоў. У архівах захаваўся запіс аб выставе сялянскіх коней, якая адбылася «чэрвеня 25 1861 года ў Магілёве». На ёй «селянін Стэфан Фёдараў з Вендаража за кабылу гнядой масці быў узнагароджаны срэбным медалём, 10 рублямі срэбрам і пахвальным лістом».