…Той дзень скалануў спакойнае жыццё маленькага райцэнтра. Вестка аб тым, што ў спартыўнай зале мясцовай школы № 1 абрынуўся дах, разнеслася імгненна. Цішыню правінцыйнага горада ўзрушыла пранізлівае выццё выратавальных машын і «хуткай дапамогі». З усіх бакоў да школы беглі людзі. У адно імгненне тут сабралася, здаецца, усё Краснаполле. Настаўнікі яшчэ да прыбыцця аператыўных службаў вывелі вучняў на бяспечную адлегласць ад будынка. Акрамя таго, што на момант трагедыі ў спартзале знаходзіліся адначасова два дзясятыя класы, спачатку нічога не было вядома. І бацькі дзяцей, якія апынуліся пад заваламі, да апошняга спадзяваліся на лепшае. Нават тады, калі гэтай надзеі амаль не заставалася…