Ішоў люты 1943 г. У адзін з гэтых дзён невялікая група партызан, якую ўзначальваў I.Я.Пархоўчанка, атрымала заданне ўзарваць каля Дашкаўкі варожы эшалон. Аперацыю выканалі ўдала. Вяртаючыся дамоў, зайшлі да сувязных. I тут пачулі навіну, якая вельмі ўсхвалявала кожнага з партызан. Аказваецца, у в. Нядашава мясцовы сталяр-чырванадрэўшчык Якаў Арлоў сабраў унікальны інкруставаны двухтумбавы стол, які быў зроблены з тысяч кавалачкаў дрэў розных парод. Паверхня крышкі стала была аздоблена арыгінальным беларускім арнаментам.