Сёлета Марыі Астафіеўне Лугаўцовай спаўняецца 85, хаця, як яна сама падлічыла, сем разоў магла загінуць падчас вайны. У 12 гадоў ёй давялося перажыць жах нямецкіх лагераў, голад, холад. Але невядомая сіла берагла дзяўчынку ў тыя хвіліны, калі, здавалася, ужо не было ніякіх шанцаў на выратаванне. Нібы бясцэнную рэліквію, захоўвае яна матуліну хустку, што сагравала яе ў халоднай зямлянцы і ратавала ў нямецкім палоне. Гэты вялікі ў карычневую клетку абярэг і зараз як новы.