Шмат хто ў краіне атаясамлівае Георгія Маліноўскага з агралесатэхнічным каледжам у Буйнічах, якім ён кіруе ўжо 30 гадоў. Знакаміты Буйніцкі заасад — таксама яго дзецішча. Ствараўся ён у першую чаргу як вучэбны палігон для тых кадраў, якія рыхтуе каледж. Цяпер у планах Маліноўскага пабудаваць канатную дарогу ў заасадзе, акіянарыум, карабель вікінгаў... Яго не палохае, што на гэта патрэбны мільёны рублёў, а грошай няма. Яго амбіцыйныя задумы заўсёды станавіліся рэальнасцю. Нездарма ў цэнтры Магілёва, перад кінатэатрам «Радзіма», ззяе зорка з яго іменем. А каледж, які ў Магілёве даўно называюць не інакш як «каледж Маліноўскага», значыцца на рэспубліканскай Дошцы гонару.