Абсалютныя пераможцы «Магілёўскага Мебелайн марафона» (MEBELAIN MARATHON) атрымаюць па Br2 тыс. Узнагароды ўручаць спартсмену і спартсменцы, якія з найлепшымі вынікамі пераадолеюць дыстанцыю 42 км 195 м, як паведаміў у час прэс-канферэнцыі старшы трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы па Магілёўскай вобласці Дзмітрый Сівоў.

Усяго ў абсалютным першынстве на марафонскім адрэзку будуць узнагароджаны па шэсць найлепшых мужчын і жанчын. За другое месца прадугледжана сума ў памеры Br1,6 тыс., трэцяе – Br1,2 тыс., чацвёртае – Br800, пятае – Br400 і шостае – Br200. Грашовыя ўзнагароды таксама вызначаны для прызёраў шасці ўзроставых катэгорый на 10 км і пяці – на 42 км 195 м. Усе ўдзельнікі забегаў на доўгія адлегласці атрымаюць майкі з сімволікай мерапрыемства і медалі на фінішы. Такія ж памятныя ўзнагароды дастануцца першай тысячы фінішораў забегу на 4 км. Акрамя таго, спецыяльныя прызы ад газеты «Веснік Магілёва» ўручаць наймаладзейшаму і найстарэйшаму ўдзельнікам.

«Спаборніцтвы праводзяцца не столькі для дасягнення спартыўных вынікаў, колькі для развіцця масавай культуры бегу, заняткаў спортам, – адзначыў Дзмітрый Сівоў. – Зараз людзі сталі больш захапляцца веласпортам, скандынаўскай хадой з палкамі. Бег – гэта самы даступны від для паляпшэння здароўя. Спадзяёмся, першы марафон пройдзе паспяхова і стане нашым традыцыйным спартыўным святам».

Міжнародныя лёгкаатлетычныя спаборніцтвы «Магілёўскі Мебелайн марафон» адбудуцца ў абласным цэнтры 1 кастрычніка. У апошні раз мерапрыемства такога маштабу праводзілася ў горадзе на Дняпры 30 гадоў таму. 12 чэрвеня 1987 года Магілёў прымаў марафонцаў Чэмпіянату СССР па лёгкай атлетыцы. Адрадзіць спаборніцтвы па бегу, надаўшы ім новы імпульс развіцця, прапанаваў Арунас Марцінкявічус, прэзідэнт літоўскага канцэрна SBA, у склад якога ўваходзіць магілёўскае ЗТАА «Мебелайн». Ідэю падтрымаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. «Калі ў 1987-м спаборнічалі толькі прафесійныя спартсмены, то цяпер усе аматары бегу могуць выйсці на старт. Кожны абярэ адлегласць па сваіх сілах і, папярэдне зарэгістраваўшыся на выбраную дыстанцыю, паспрабуе яе пераадолець», – адзначыў Дзмітрый Сівоў.

Прайсці абавязковую анлайн-рэгістрацыю жадаючыя змогуць да 28 верасня. Для тых, хто не паспее аформіцца з дапамогай інтэрнэту, арганізатары прапануюць падаць заяўку 29-30 верасня на месцы выдачы стартавых нумароў у СК «Алімпіец». У дзень забегу яны прымацца не будуць. Пасля рэгістрацыі на працягу сямі дзён удзельнік абавязаны выплаціць стартавы ўзнос. Сума – ад Br5 да Br100 – будзе вар’іравацца ў залежнасці ад даты рэгістрацыі і абранай дыстанцыі. «Гэта не камерцыйны праект, – падкрэсліў Дзмітрый Сівоў. – Стартавы пакет, у які ўваходзяць фірмовая майка з лагатыпамі марафону, нумар з чыпам, медаль, вада і спадарожная атрыбутыка, каштуе Br35. Да 28 верасня кросменам трэба ўнесці ўзнос да Br15. Гэта невялікая плата. Напрыклад, на мінскім паўмарафоне кошт складаў Br60, на аналагічных сусветных спаборніцтвах каля $150».

Кросменам прапануюць прабегчы адлегласці 4 км, 10 км і 42 км 195 м. У 10.00 стартуюць усе бегуны адразу, таму з 9.45 да 16.00 цэнтр горада будзе перакрыты, а на некаторых дарогах абмяжуюць рух. На 20 верасня афіцыйна пацвердзілі ўдзел у «Магілёўскім Мебелайн марафоне» 200 чалавек. З іх на марафонскую дыстанцыю запісаліся 37 бегуноў. 10 км плануюць прабегчы 120 чалавек. Астатнія абралі 4-кіламетровы адрэзак. Геаграфія кросменаў дастаткова шырокая: у спісе значацца прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі, а таксама Расіі, Італіі, Ізраіля і Польшчы, Літвы. «Як паказвае сусветная практыка правядзення падобных спаборніцтваў, асноўны ўсплёск заявак ад атлетаў пачне паступаць за тыдзень да старту», – сказаў Дзмітрый Сівоў. У цэлым, арганізатары могуць забяспечыць камфортныя ўмовы для 3-5 тыс. удзельнікаў.
Як заўважыў суразмоўца, спаборніцтвы правядуць па сістэме чыпавання. Спецыяльныя ўстаноўкі будуць счытваць інфармацыю з электронных прылад, змешчаных у нумарах спартсменаў. «Усе атлеты стартуюць адразу на тры дыстанцыі, але штурхацца не патрэбна, – сказаў ён. – Сістэма арганізавана такім чынам, што адлік часу пачынаецца з таго моманту, як удзельнік перасякае стартавую рысу. Таму не зусім удалае становішча задніх радоў не паўплывае на канчатковы вынік».

Пазмагацца за першыя месцы выказалі жаданне медыйныя асобы, прафесійныя спартсмены, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Напрыклад, на «дзясятку» выйдзе прэзідэнт канцэрна SBA Арунас Марцінкявічус, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы біятланіст Сяргей Новікаў, кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Андрэй Ярцаў.
Акрамя спартыўных складнікаў арганізатары падрыхтавалі культурна-забаўляльную праграму. На плошчы Славы на працягу шасцігадзіннага мерапрыемства будзе праходзіць канцэрт. Акрамя вакальных і харэаграфічных нумароў, тут адбудуцца паказальныя выступленні атлетаў горада, прэзентацыі фітнес-клубаў і іншых спартыўных устаноў.
“Хочацца, каб максімальная колькасць людзей ўключылася ў дзеянне, а не заседжвалася на месцы, – сказаў Дзмітрый Сівоў. – Будзе выдатна, калі да свята бегу падключыцца увесь горад Магілёў. І калі камусьці не атрымаецца ў сілу абставінаў выйсці на старт, можна проста стаць заўзятарам і падтрымаць кросменаў».
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Магілёўскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, кампанія «Мебелайн».
КАРТА МАРШРУТУ (СПАМПАВАЦЬ, 1.09 МБ)
МАРШРУТ 4 км (СПАМПАВАЦЬ, 59.23 КБ)
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 10:52
18.08.2020 - 10:14
«Кіраўск-СДЮШАР» стаў уладальнікам Кубка Беларусі па пляжным футболе
17.08.2020 - 12:48
Магілёўскія спартсмены заваявалі ўзнагароды на чэмпіянаце Беларусі па акадэмічным веславанні
31.07.2020 - 15:59
30.07.2020 - 17:43
Урачыстае адкрыццё біятлоннага комплексу ў Чавусах адбудзецца 1 жніўня
22.07.2020 - 10:17
Футбалісткі «Бабруйчанкі» разграмілі БАЦАР у жаночым чэмпіянаце Беларусі