Рус Бел Eng 中文

Абследаванне дна акваторыі пляжаў у Магілёўскай вобласці завершыцца да 1 чэрвеня

Вадалазнае абследаванне дна акваторыі пляжаў у Магілёўскай вобласці плануецца завяршыць да 1 чэрвеня, паведаміў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання АСВОД Мікалай Маісееў.

З 57 афіцыйна зарэгістраваных у вобласці пляжаў пакуль толькі 7 прайшлі абследванне. І вадалазы АСВОДа ачысцілі дно іх акваторый ад смецця. «З 10 мая мы актывізуем гэтую работу, каб да старту купальнага сезону (15 мая) абследаваць большасць вадаёмаў. Нашы работы стрымліваюцца ўмовамі надвор’я: на асобных рэках і азёрах узровень вады пакуль застаецца вышэйшым за звычайны ўзровень. Таму гэтыя вадаёмы будзем абследаваць некалькі пазней і цалкам завяршыць такую працу плануем да 1 чэрвеня», – запэўніў Мікалай Маісееў.

Супрацоўнікі АСВОДа з 15 мая пераводзяцца на ўзмоцнены рэжым працы. Дзяжурства будзе весціся са світання і да заходу. Акрамя сваіх 177 спецыялістаў, на выратавальныя станцыі і пасты дадаткова будзе прыцягнута каля 30 сезонных матросаў-ратавальнікаў. На сённяшні дзень у вобласці працуе 9 выратавальных станцый: па тры ў Магілёве і Бабруйску, па адной – у Асіповічах, Шклове і Крычаве. У абласным цэнтры таксама арганізавана работа двух выратавальных пастоў, яшчэ 18 працуюць у раёнах у месцах адпачынку на вадзе з найбольш масавым наведваннем.

У вобласці праводзіцца сістэмная прафілактычная работа па папярэджанні гібелі на вадзе. Практычна штодня праходзяць сустрэчы спецыялістаў у працоўных калектывах, навучальных установах, раздаюцца памяткі, лістоўкі, вядзецца навучанне асновам аказання першай медыцынскай дапамогі.

«З прыходам цяпла на мінулым тыдні ў рэгіёне ўжо зарэгістравана тры выпадкі гібелі на вадзе. Па аператыўнай інфармацыі, пры купанні пацярпелыя не ўлічылі ўласныя сілы і тэмпературны рэжым вады, што прывяло да трагедыі. Таму мы рэкамендуем купацца толькі ў дазволеных і абсталяваных для гэтага месцах, абмяжоўваць знаходжанне пад адкрытымі промнямі сонца, не акунацца ў халодную ваду і не прымаць ледзяны душ. Рэзкі тэмпературны кантраст можа справакаваць спазм сасудаў і выклікаць праблемы з сэрцам, а перахаладжэнне – прывесці да прастудных захворванняў і нават пнеўманіі», – папярэдзіў Мікалай Маісееў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая