Рус Бел Eng 中文

Абвешчаны набор у школу гарадскіх ініцыятыў «Цяпліца»

Школа гарадскіх ініцыятыў «Цяпліца» аб’яўляе аб пачатку чацвёртага сезона. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміў кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Юрый Стукалаў.

Са слоў суразмоўцы, праект са слоганам «для тых, хто хоча зрабіць жыццё ў Магілёве лепшым, але не ведае як» стартаваў у 2015 годзе. «Цяпліца» не школа ў звыклым сэнсе. Гэта серыя сустрэч і лекцый, якія дапамогуць неабыякавым гараджанам стаць больш ініцыятыўнымі і актыўнымі ўдзельнікамі гарадскога жыцця, стаць рухаючай сілай падзей і працэсаў па паляпшэнні жыцця ў абласным цэнтры», – падкрэсліў Юрый Стукалаў.

Выпускнікі мінулых сезонаў сталі ініцыятарамі і арганізатарамі праектаў, якія прыцягнулі да сябе вялікую ўвагу з боку гараджан. Сярод «цяплічных» праектаў, якія ўпрыгожылі наш горад, – кінапаказы пад адкрытым небам, начныя экскурсіі, стрыт-арт панадворкі і лесвіцы і інш Акрамя таго, выпускнікі прымалі актыўны ўдзел у арганізацыі мерапрыемстваў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў «Дранік-фэст», «Вялікі гарадскі пікнік».

Сёлета, як і летась, арганізатары вырашылі не абмяжоўваць геаграфію слухачоў толькі Магілёвам. «Мінулы сезон паказаў, што цікавасць да гарадскога актывізму ёсць не толькі ў жыхароў абласнога цэнтра, але і іншых раёнаў Магілёўшчыны, – адзначыў Юрый Стукалаў. – Калі ў чалавека будзе магчымасць перыядычна па суботах прыязджаць у Магілёў, мы не бачым ніякіх праблем. Таксама плануем зрабіць выязныя семінары у некаторыя райцэнтры вобласці. Спадзяёмся, што ў новай «Цяпліцы» паспеюць цікавыя ідэі і для рэгіёнаў».

Заняткі ў «Цяпліцы» будуць праходзіць двойчы на месяц, увесь курс будзе доўжыцца пяць месяцаў. Падчас заняткаў слухачы распрацуюць аўтарскія праекты па паляпшэнні гарадскога жыцця, самыя цікавыя і актуальныя з якіх будуць падтрыманы да рэалізацыі. Лектарамі выступяць людзі з вялікім практычным вопытам у сваёй сферы.

Каб стаць навучэнцам «Цяпліцы», трэба да 23 лістапада ўключна запоўніць анкету-заяўку. Слухачы будуць адабраны арганізатарамі на конкурснай аснове. Удзел у праекце бясплатны. Па ўсіх дадатковых пытаннях можна звярнуцца на адрас cgimogilev@gmail.com.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая