Адкрыты дыялог студэнтаў і выканаўчай улады рэгіёна адбыўся ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. На пытанні моладзі адказваў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч.

Паколькі госць па абавязку службы нярэдка бывае за межамі Беларусі, у першую чаргу, моладзь цікавіла, як за мяжой ставяцца да нашай краіны. «У замежжы станоўчае меркаванне аб Сінявокай, – адзначыў Андрэй Кунцэвіч. – Гэта вынік годнай і яркай гісторыі, учынкаў народа з адкрытай душой і сэрцам, які ніколі не застаецца ў баку ад чужой бяды. Нашы суседзі гэта цэняць». Таксама намеснік старшыні дадаў, што дзе б ні быў, ужо праз некалькі дзён з’яўляецца настальгія, хочацца дадому. «Далёка ад радзiмы выразна пачынаеш ўсведамляць, якая неверагодна прыгожая Беларусь», – падкрэсліў ён.

Не маглі студэнты не пацікавіцца стаўленнем прадстаўніка выканаўчай улады да 5- і 10-бальнай ацэнкі ведаў, якая зараз актыўна абмяркоўваецца. На думку Андрэя Кунцэвіча, дадзенае пытанне, як і час пачатку вучэбных заняткаў, не такое прынцыповае для беларускай сістэмы адукацыі. Існуюць больш важныя і актуальныя тэмы: змест і якасць адукацыйнага працэсу, выхаваўчы момант, які павінен садзейнічаць станаўленню маладога чалавека як годнага грамадзяніна сваёй краіны, патрыёта, добрага сем’яніна.

Пыталіся ў намесніка старшыні і пра прычыны з’яўлення ў банкаматах Магілёўскай вобласці кітайскай мовы. «Гэта не даніна модзе, – адзначыў Андрэй Кунцэвіч. – Сёння ўзровень узаемаадносін Беларусі і Кітая высокі, актыўна развіваецца бізнес-супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні. Не выключэнне і Прыдняпроўскі край. Паднябесная ўваходзіць у сямёрку асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў Магілёўскай вобласці, а сумесных перспектыўных праектаў становіцца ўсё больш. Робяцца захады і для пераадолення моўнага бар’еру паміж двума народамі. Напрыклад, у магілёўскай гімназіі №4 кітайская мова ўжо з’яўляецца прадметам вучэбнай праграмы. На ўзроўні факультатываў заняткі праводзяцца і ў іншых установах адукацыі горада. З партнёрамі з правінцыі Хунань, з якой у нашай вобласці ўстаноўлены пабрацімскія сувязі, абмяркоўваецца магчымасць распрацоўкі праграм абмену студэнтамі. Дарэчы, падобныя ўжо існуюць на рэспубліканскім узроўні».

Гаворачы аб удасканаленні маладзёжнай палітыкі ў рэгіёне, Андрэй Кунцэвіч распавёў, што Магілёў пазмагаецца за права стаць у 2018 годзе моладзевай сталіцай Беларусі. «Шанцы на перамогу ў абласнога цэнтра добрыя, – канстатаваў намеснік старшыні. – Але трэба разумець, што за гучнай шыльдай крыюцца вялікія справы, якія трэба будзе рэалізоўваць моладзі».

Абмяркоўваліся на сустрэчы таксама пытанні будаўніцтва, удзелу моладзі ў маючых адбыцца выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў і інш. Дэлегаты XIX Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Сочы дзяліліся ўражаннямі ад паездкі. Асобны акцэнт Андрэй Кунцэвіч зрабіў на спорце, павіншаваўшы каманду ўніверсітэта харчавання з перамогай у фінальных спаборніцтвах Рэспубліканскай студэнцкай футбольнай лігі. Ён таксама паведаміў, што ў канцы лістапада ў Горках плануецца правесці форум маладых спецыялістаў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
17.08.2020 - 11:34
24.07.2020 - 08:59
17.07.2020 - 11:49
Моладзевы цягнік «#Беларусь. Моладзь. Натхненне» заедзе 19 ліпеня ў Шклоў і Магілёў
08.07.2020 - 12:16
Пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Уладар вёскі» стала сям’я з Шклоўскага раёна
26.06.2020 - 10:55
Мерапрыемствы да Дня моладзі пройдуць ва ўсіх гарадах і раёнах Магілёўскай вобласці
19.06.2020 - 10:31