Экспертнае журы Рэспубліканскага конкурсу «Найлепшая аграэкасядзіба года» падвяло вынікі спаборніцтва ў асноўных і дадатковых (акрамя Гран-пры) намінацыях. Пра гэта паведамілі ў ААТ «Белаграпрамбанк».
У ліку пераможцаў – прадстаўнік Магілёўскай вобласці. Так, у намінацыі «Спорт і здароўе» найлепшай прызнана аграэкасядзіба «Рыбацкая пульва» Быхаўскага раёна. Яна размешчана на беразе Чыгірынскага вадасховішча ў вёсцы Чачэвічы. Адначасова можа прыняць да 25 чалавек. Гасцям прапануюцца стравы нацыянальнай кухні з печы і на адкрытым агні. Ёсць руская лазня на дровах «па-чорнаму» і японская лазня. Для аматараў актыўнага адпачынку – катанне на катары, водных лыжах, конях, прагулка ў лес. На тэрыторыі сядзібы размешчаны спартыўны гарадок. На беразе ёсць добраўпарадкаваны навес, мангал, уласны пірс, дзе можна лавіць рыбу, а пры жаданні рыбацкія трафеі дапамогуць закапціць у вяндлярні.

Аграэкасядзіба «Гасцінны двор» з гэтага ж раёна прэтэндуе на Гран-пры конкурсу. Супернікамі турыстычнага аб’екта з вёскі Залахвенне стануць аграэкасядзібы «Запаведны востраў» (Віцебская вобласць), «У хутарскай цішы» (Гродзенская вобласць) і «Вясёлая хата» (Мінская вобласць).
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў у намінацыях і вызначэнне ўладальніка Гран-пры конкурсу адбудзецца ў сярэдзіне лістапада ў межах спецыялізаванай канферэнцыі па пытаннях развіцця аграэкатурызму ў Беларусі.
Конкурс «Найлепшая аграэкасядзіба года» праводзіўся па выніках дзейнасці аграсядзіб за 2017 год у намінацыях «Спорт і здароўе», «Этнакультура», «Экасядзіба», «Інавацыйны падыход» і ў дадатковых – «Народны выбар», «Прызнанне», «Гран-пры». У бягучым годзе ў спаборніцтве прыняло ўдзел 46 суб’ектаў аграэкатурызму з усіх абласцей краіны. Найбольшая колькасць заявак паступіла на намінацыі «Экасядзіба» і «Этнакультура» – 45,7 і 30,4% адпаведна.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59