Рус Бел Eng 中文

Агульная сума падпісаных на Форуме рэгіёнаў кантрактаў перавысіла $ 500 млн – Міхаіл Мясніковіч

На V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісана кантрактаў на суму больш за $500 млн. Такія даныя ў праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» прывёў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

«Мы выйшлі больш чым на $ 500 млн. Большая частка – беларускі экспарт у Расійскую Федэрацыю. Я паглядзеў уважліва гэтыя кантракты: дзве трэція – гэта інвестыцыйныя тавары: машыны, станкі, абсталяванне, электроніка», – заўважыў спікер.

Паводле яго слоў, расійскія губернатары ўздымалі пытанне перад Міністэрствам прамысловасці і гандлю Расіі, старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянцінай Мацвіенка, каб беларуска-расійскія прадпрыемствы, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі РФ, мелі тыя ж меры дзяржпадтрымкі, што і расійскія. «Валянціна Іванаўна дала даручэнне напісаць ёй пісьмы. А мы ведаем: калі яна ўзялася, то давядзе справу да канца», – адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Старшыня Савета Рэспублікі закрануў тэму паставак беларускага харчавання на расійскі рынак. Ён нагадаў, што ў межах форуму адбылося падпісанне пагаднення аб балансах паставак харчавання на 2019 год. «Гэта не толькі $2,5 млрд, там закладзены механізм вырашэння спрэчных пытанняў, – паведаміў спікер. – Часам расійскія адпаведныя службы прымаюць пастанову ў аднабаковым парадку і потым месяцамі трымаюць у падвешаным стане. Закладзены механізм, які дазваляе сумесна высвятляць прычыны, калі такія маюцца, не ў шкоду дзейнасці гаспадарчых суб’ектаў».

Міхаіл Мясніковіч дадаў, што наступны форум пройдзе ў Расіі і, па прапанове Прэзідэнта Беларусі, будзе прысвечаны маладзёжнай тэматыцы. «Пленарнае пасяджэнне падтрымала прапанову правесці адначасова з форумам яшчэ і з’езд творчай інтэлігенцыі. Калі мы гаворым пра моладзь, то, на маю думку, Санкт-Пецярбург для гэтага падыходзіць больш за ўсё», – сказаў ён.

 

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая