Рус Бел Eng 中文

Акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы - разам!” сабрала ў Магілёве больш за 700 гледачоў

Рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы – разам!” Сабрала ў Магілёве больш за 700 гледачоў. Падчас мерапрыемства адбыўся святочны канцэрт з узнагароджаннем працоўных дынастый, маладых спецыялістаў і іх настаўнікаў, уручэннем падзяк і медалёў сацыяльным партнёрам і прафсаюзнаму актыву.

Так, прафсаюзамі была адзначана ўрачэбная дынастыя сям’і Сцепанюк Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, прадстаўленая трыма пакаленнямі. Родапачынальнікам дынастыі, агульны стаж працы якой складае 155 гадоў, стаў Васіль Аляксандравіч Бурмель – былы капітан медыцынскай службы Савецкай Арміі. Яго дачка, зяць, а таксама ўнукі таксама звязалі свой лёс з медыцынай. Грамату Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, ганаровую стужку і кветкі разам са сваёй сям’ёй на сцэне прымаў Андрэй Фёдаравіч Сцепанюк – вядомы ў Магілёве хірург, выдатнік аховы здароўя. Яго працоўны шлях пачаўся ў 1973 годзе ля аперацыйнага стала і працягваецца да гэтага часу. За гэты час ён атрымаў нямала ўзнагарод і падзяк, аднак прафсаюзнае прызнанне – асабліва прыемна, бо ён сам не адзін год аддаў грамадскай працы на карысць роднага калектыву.

Таксама была адзначана сямейная дынастыя Літвякоў ЗАТ «Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў», у якой агульны стаж працы трох пакаленняў склаў 72 гады. На прадпрыемстве працуюць 4 прадстаўнікі дынастыі – прэсоўшчык, машыніст перадатачнага маста і два кіроўцы.

Ад Магілёўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў на сцэне ўшаноўвалі дынастыю УКСП «Махава». Яе родапачынальнікі – Міхаіл Сяргеевіч Машкароў і Тамара Віктараўна Піманава, абое жывелаводы. У сям’і выраслі 11 дзяцей, шэсць з якіх пайшлі па слядах бацькоў і звязалі сваю працоўную дзейнасць з сельскай гаспадаркай. Сумарны працоўны стаж сям’і складае без малога 90 гадоў. На святочную сцэну таксама паднялася дынастыя Ганчарова РУСПП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства». На прадпрыемстве працуюць 5 сваякоў, сярод іх два вадзіцелі, загадчыца лабараторыі па племянной справе, загадчыца насеннясховішча, дапаможны работнік. Сумарны стаж іх працы складае 106 гадоў.

У межах акцыі медалі «110 год прафсаюзнаму руху» ўручаны старшыні прафкама пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі завода «Магілёўтрансмаш» Мікалаю Піткову, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Стужка» Таццяне Чацверыковай. Падзякамі Федэрацыі прафсаюзаў адзначаны намеснік старшыні прафкама пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Завод "Магілёўліфтмаш"” Уладзімір Гаравой і бухгалтар прафкама ААТ «Магілёўхімвалакно» Наталля Лук’янчыкава.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання для магілёўцаў і жыхароў Магілёўскага раёна выступілі зоркі беларускай эстрады, а таксама пераможцы конкурсу «Новыя імёны Беларусі».

«Акцыя «Мы – разам!» накіравана на аб’яднанне беларускага народа, прыцягненне ўвагі да працоўных дынастый і традыцый настаўніцтва, папулярызацыю культурнага вольнага часу сярод насельніцтва, – адзначаюць арганізатары. – Са жніўня па кастрычнік гэтага года яна пабывае амаль у 40 гарадах нашай краіны і падорыць іх жыхарам незабыўнае свята і выдатны настрой».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая