З 25 жніўня па 5 верасня ў светлы час сутак вадзіцелі павінны ўключаць блізкае святло фар на аўтатранспарце. За невыкананне гэтага патрабавання Правілаў дарожнага руху прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 2-х базавых велічынь, паведаміла старшы інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магаблвыканкама Таццяна Старасотнікава.
Па словах суразмоўніцы, перад пачаткам новага навучальнага года Дзяржаўтаінспекцыя традыцыйна праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!». Акцыя арганізоўваецца для папярэджання і прафілактыкі дзіцячага траўматызму на дарогах.
Дзяржаўтаінспекцыя заклікае кіроўцаў быць вельмі ўважлівымі пры руху каля дзіцячых устаноў, праездзе нерэгулюемых пешаходных пераходаў, прыпынкаў транспарту і ў дварах. Асаблівая ўвага будзе надавацца выкананню кіроўцамі хуткаснага рэжыму, правілаў праезду пешаходных пераходаў і бяспечнай перавозкі дзяцей.
Таксама 31 жніўня па ўсёй рэспубліцы пройдзе Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «У новы навучальны год – бяспечных усім дарог!».
За летнія месяцы на дарогах рэгіёна ў 16 ДТЗ пацярпела 19 дзяцей, 1 падлетак загінуў. Усяго ж з пачатку года на тэрыторыі вобласці з удзелам непаўналетніх зарэгістравана 30 дарожна-транспартных здарэнняў: 1 падлетак загінуў, 33 атрымалі траўмы.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59