Кожны фестываль творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы – дэманстрацыя граняў чалавечых магчымасцяў па пераадоленні іх праз мастацтва разумення таго, што фізічная хвароба не з’яўляецца перашкодай для самавыяўлення і развіцця пазнання свету і дабра. Такое меркаванне выказаў сёння ў час прэс-канферэнцыі на форуме «Разам мы зможам больш» дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы Алег Хмялькоў.

Паводле яго слоў, фестываль, арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі пры падтрымцы Пастаяннага Камітэта Саюзнай Дзяржавы, праходзіць у восьмы раз. У гэтым годзе Сінявокая ўпершыню прымае творчыя калектывы з Беларусі і Расіі. «Форум, які гасцінна сустрэла магілёўская зямля, з’яўляецца знакавай падзеяй у календары Саюзнай дзяржавы, – адзначыў Алег Хмялькоў. – Фестываль сабраў больш за 300 удзельнікаў з 13 рэгіёнаў дзвюх краін. Дэлегацыі атрымалі шырокія магчымасці для зносін не толькі творчага характару, але і, што асабліва важна, чалавечага».

На працягу чатырох дзён праходзілі выязныя канцэрты ў дамах-інтэрнатах вобласці, майстар-класы па розных жанрах мастацкай творчасці, конкурсныя праслухоўванні ў 11 намінацыях. «Гэта былі моцныя, прафесійныя выступленні. Бурныя абмеркаванні па падвядзенні вынікаў, выбару пераможцаў і лаўрэатаў форуму працягваліся да позняй ночы, – падкрэсліў Алег Хмялькоў. – У кожнага была свая перлінка, свой асаблівы стыль і непаўторная аўра. Усе прадэманстравалі проста філарманічны ўзровень, годны ўвагі і ўсялякіх усхваленняў».

З ім цалкам пагадзіўся народны артыст Расіі, прафесар, лаўрэат II Усерасійскага тэлерадыёконкурса «Галасы Расіі» і міжнародных конкурсаў Васіль Аўсяннікаў. «Гэта было незабыўнае свята, напоўненае рэпетыцыямі, сустрэчамі, канцэртамі і майстар-класамі, – сказаў ён. – Душу перапаўняе пачуццё падзякі за праведзеную арганізатарамі велізарную і важную для дзвюх краін работу, за іх увагу і цяпло да навакольных. Асобнае захапленне выклікае праца творчых калектываў і іх кіраўнікоў, якія цярпліва шукаюць падыход да кожнага «дарослага дзіцяці» са сваім характарам. Галоўнае, што гэтыя людзі, нягледзячы ні на што, працягваюць працаваць і сваёй упартасцю даказваюць, што разам яны здольныя на многае».

Як адзначыў Васіль Аўсяннікаў, з кожным годам форум набірае абароты, а ўзровень прафесіяналізму калектываў імкліва расце. «Беларускія ўдзельнікі падымаюць планку ўсё вышэй, што сведчыць аб пільнай увазе да людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў вашай краіне. Не спыняйцеся на дасягнутым, працягвайце рухацца ў дакладна абраным вамі напрамку, прыцягвайце аднадумцаў, якія будуць вам дапамагаць у гэтай нялёгкай, але вельмі важнай справе», – канстатаваў ён.

На тое, што была праведзена каласальная праца, якая стала святам для вачэй і душы, звярнула ўвагу кандыдат мастацтвазнаўства, лаўрэат міжнародных і ўсерасійскіх конкурсаў Галіна Марахтанава. «Культура згуртавала і так адзіныя каранямі народы. Не аднойчы з вуснаў удзельнікаў прагучала, што беларусы і расейцы – браты, якія засумавалі адзін па аднаму, як па сваяках. Фестываль дапамог не толькі пабачыцца і пагутарыць сродкамі мастацтва, але і даў магчымасць кожнаму вынесці нешта новае, запазычыць цікавыя ідэі, метады працы».

Заслужаны артыст Беларусі, лаўрэат усесаюзных і міжнародных конкурсаў, майстар пародыі і гумару Уладзімір Радзівілаў прызнаўся, што ўпершыню патрапіў на фестываль творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы. «Тое, што я ўбачыў, стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Я палюбіў жэставыя спевы. Гэта такі паток эмоцый, які захліснуў з галавой. Свята пакінула глыбокі след у маім жыцці, падштурхнула перагледзець некаторыя пазіцыі», – канстатаваў ён.

Словы падзякі за масу станоўчых уражанняў выказала ў адрас арганізатараў кіраўнік творчай дэлегацыі Маскоўскай вобласці Таццяна Карзубава. «Натхніла і ўразіла выстава выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, – сказала яна. – У майстроў, якія робяць шэдэўры, проста залатыя рукі. У такія моманты пачынаеш разумець, што ў людзей з абмежаванымі здольнасцямі проста бязмежныя магчымасці. Укладваючы душу ў свой твор, яны атрымліваюць пачуццё ўпэўненасці ў сваіх сілах і запатрабаванасці. А калі ты запатрабаваны – ты жывеш. І мне, як чалавеку на калясцы, гэта асабліва прыемна».

Пра тое, што за гады свайго існавання фестываль вырас з невялікага свята ў маштабны форум, расказала аўтар праекта, каардынатар з расійскага боку па прыездзе ўдзельнікаў Ада Бабурава. «Фэст дапамагае нам адкрыта гаварыць пра катэгорыі людзей з інваліднасцю, вырашаць іх пытанні. Вядома, нам ёсць яшчэ куды крочыць, ёсць пытанні, якія патрабуюць прапрацоўкі, але, дзякуючы людзям з адкрытымі сэрцамі і яснымі вачыма, усё магчыма» – падкрэсліла яна.

Гаворачы аб конкурснай праграме, Ада Бабурава прапанавала ўнесці карэкціроўкі ў палажэнне форуму. У прыватнасці, яна лічыць неабходным размежаваць некаторыя намінацыі, а таксама надзяліць журы дадатковымі паўнамоцтвамі. У якасці іншых ідэй прадстаўнікі дэлегацый удзельнікаў форуму агучылі просьбу правесці майстар-клас па жывапісе, зрабіць больш маштабнай выставу выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, каб шырока паказаць усю шматгранную палітру творчасці.

Фестываль творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы «Разам мы зможам больш» стартаваў 22 лістапада на базе абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы. Сёння, у канцэртнай зале «Магілёў» адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў форуму, а таксама цырымонія закрыцця.
26 лістапада запланавана творчая сустрэча ўсіх удзельнікаў, якая стане фінальным акордам мерапрыемства.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59