Рус Бел Eng 中文

Аперацыю па ўстаноўцы клапана сэрца ад донара ўпершыню правялі ў Магілёўскай абласной бальніцы

Аперацыю па ўстаноўцы клапана сэрца ад донара 27 кастрычніка ўпершыню правялі ў кардыяхірургічным аддзяленні Магілёўскай абласной бальніцы. Пацыенткай стала маладая магіляўчанка.

Правёў аперацыю па замене паражонага эндакардытам трохстворкавага клапана алаграфтам (перасаджаная ад генетычна нясходнага арганізма тканіна) галоўны кардыяхірург краіны акадэмік Юрый Астроўскі. Фрагмент сэрца донара прывезлі з сабой сталічныя кардыёлагі ў спецыяльным кантэйнеры.

«Пры клапанных заганах імплантуем, як правіла, наяўныя ў нашай бальніцы штучныя клапаны, але ў дадзенай сітуацыі такі ставіць было нельга», – растлумачыў загадчык кардыяхірургічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы Анатоль Кулік.

Магілёў – першы з абласных цэнтраў, дзе праведзена аперацыя па ўстаноўцы алаграфта. Да гэтага чатыры падобныя хірургічныя ўмяшанні паспяхова былі выкананы ў Мінску.

Сталічныя кардыяхірургі адзначылі, што ў Магілёўскай абласной бальніцы ёсць усе магчымасці для выканання такіх высокатэхналагічных аператыўных умяшанняў. У правядзенні аперацыі былі задзейнічаны не толькі магілёўскія кардыяхірургі Анатоль Кулік і Дзяніс Матавілаў, але і ўрачы функцыянальнай дыягностыкі, якія ажыццяўлялі кантроль эфектыўнасці працы ўстаноўленага клапана. Усё атрымалася ідэальна, як канстатавалі медыкі. Жанчына, якая знаходзілася да аперацыі ў цяжкім стане, ідзе на папраўку.

Па матэрыяле mogilevnews.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая