Рус Бел Eng 中文

Артылерыйскую гармату 1943 года выпуску задзейнічаюць у парадзе 9 Мая ў Магілёве

Артылерыйская 76,2-мм гармата ЗІС-3 1943 года выпуску будзе ўпершыню задзейнічана 9 Мая ў Магілёве ў шэсці-парадзе «Мы памятаем, мы ганарымся», паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама.

Гэтая гармата была бязвыплатна перададзена Магілёўскаму гарвыканкаму Міністэрствам абароны, як і шэраг іншых адзінак састарэлага баявога ўзбраення, у мэтах супрацоўніцтва дзяржаўных органаў у справе ваенна-патрыятычнага выхавання грамадзян. Баявы арсенал (а гэта больш за 10 адзінак (танкі, гарматы, зеніткі)), цяпер знаходзіцца на захоўванні прадпрыемства «Магілёўзелянбуд». Большасць узбраення ўстаноўлена на месцах баявой славы абласнога цэнтра, а частка выкарыстоўваецца ў розных ўрачыстых мерапрыемствах.

«Канкрэтна гэта гармата яшчэ не прымала ўдзелу ў гарадскіх урачыстасцях, і для яе будзе своеасаблівы дэбют», – заўважыў дырэктар «Магілёўзелянбуд» Пётр Аляксейчыкаў. – Хутчэй за ўсё, гэта гармата – рэальны ўдзельнік баявых дзеянняў Вялікай Айчыннай вайны. Тады ўніверсальная гармата ЗІС-3 была асноўнай дывізійнай гарматай Чырвонай Арміі і самай масавай гарматай».

Падчас шэсця-парада гармату задзейнічаюць у тэатралізаванай пастаноўцы, якая будзе прадстаўлена на спецыяльна абсталяванай платформе грузавога аўтамабіля. Пераапранутыя ў стылізаваную ваенную форму часоў вайны артысты будуць інсцэніраваць падрыхтоўку да бою, а гармата зробіць шэсць стрэлаў, вядома, не баявымі снарадамі, а спецыяльнай піратэхнікай, што дапаможа ўзнавіць у нейкай ступені атмасферу баявога дзеянні.

Упершыню ў гэтым годзе шэсце-парад будзе рухацца ў адваротны бок: не як у папярэднія гады – з плошчы Леніна на плошчу Славы (раней Савецкая плошча), а наадварот. Гэта звязана з рэканструкцыяй плошчы Славы і мемарыяла «Вечны агонь». Таму ўдзельнікаў збяруць на пляцоўцы каля абласнога краязнаўчага музея, а святочная калона будзе фарміравацца побач з Алеяй Герояў. «Нягледзячы на такія змены, шэсце-парад не страціць сваёй урачыстасці і маляўнічасці, – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Іна Караткевіч. – У ім традыцыйна прымуць удзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны (будуць рухацца наперадзе калоны на стылізаваных аўтамабілях), кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзі і грамадскасці».

Шэсце-парад будзе разбіта на некалькі тэматычных блокаў. Тут можна будзе ўбачыць «Цягнік перамогі», упершыню магілёўскай публіцы пакажуць ракетна-зенітны комплекс «Аса», жыхары горада прадставяць акцыю «Беларусь памятае», запланаваны маладзёжны і дзіцячы блокі, а замкнуць святочную калону спартсмены вобласці і байкеры.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая