Рус Бел Eng 中文

Артысты, музыканты і творчыя калектывы з васьмі краін выступяць на свяце «Купалле» ў Александрыі

Артысты, музыканты і творчыя калектывы з васьмі краін прыедуць на свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое пройдзе 7-8 ліпеня ў Александрыі (Шклоўскі раён). Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай арганізацыі і правядзенню адной з галоўных культурных падзей гэтага лета, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч.

Падчас свята чакаецца мноства мерапрыемстваў, дзе задзейнічаюць больш за 1,5 тыс. удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы і Германіі. Сярод замежных гасцей будуць і беларускія грамадска-культурныя аб’яднанні замежжа, што вельмі сімвалічна ў Год малой радзімы, падкрэсліў Андрэй Кунцэвіч.

Па словах намесніка старшыні, менавіта тэма малой радзімы стане асноўнай на свяце. Яна легла ў аснову гала-канцэрта «Малая радзіма», які рыхтуе рэжысёрска-пастановачная група тэлеканала АНТ на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы. У ім прымуць удзел айчынныя і замежныя выканаўцы: Аляксандр Саладуха, Алена Ланская, Сяргей Трафімаў (Расія), ВІА «Синяяптица», народны артыст Украінскай ССР Мікалай Гнацюк, народная артыстка Украіны Таісія Павалій, Вікторыя Кахана, група «Лисапетный батальён» і іншыя.

Дарэчы, у гэтым годзе яшчэ большую колькасць гасцей свята зможа паглядзець тэатралізаванае прадстаўленне. Для гэтага ў партэры павялічылі колькасць месцаў з 2, 5 тыс. да 3, 3 тыс. Акрамя таго, каля галоўнай пляцоўкі размесцяць вялікі экран, дзе будуць весці трансляцыю гала-канцэрта. Па яго заканчэнні традыцыйна арганізуюць маляўнічы феерверк і маладзёжную дыскатэку.

Адметнай асаблівасцю сёлетняга фестывалю стануць Дні культуры Украіны, падчас якіх прадугледжана праца «Сарочынскага кірмашу», выступленне коннага тэатра «Кіеўская Русь», канцэртная праграма з удзелам Нацыянальнага заслужанага ансамбля танца Украіны імя Паўла Вірскага, Ціны Караль, Іа Бобула, Ленары Асманавай, Алега Вінніка, групы «LUIKI», Златы Агневіч, квартэта «Гетман».

Андрэй Кунцэвіч дадаў, што билеты на канцэрты, якія пройдуць на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, ужо паступілі ў продаж. Іх кошт вырас нязначна ў параўнанні з мінулым годам. Так, бюілет на мюзікл «Малая радзіма» абыдзецца ў Br27 (у 2017-м – Br25), а на канцэрт, які адбудзецца 8 ліпеня ў рамках Дзён культуры Украіны, – Br10. Білеты ўжо зараз можна набыць у касе Магілёўскай абласной філармоніі, а таксама праз інтэрнэт-рэсурс kvitki.by.

У праграме свята шмат відовішчных конкурсаў і прэзентацый, выстаў і майстар-класаў, прац канцэртных і тэматычных пляцовак. Будзе нямала смачнай ежы і напояў, для дзяцей – гульняў і забаў, для дарослых – захапляльных шоу. Гледачы змогуць паўдзельнічаць на конкурсе на самы лепшы купальскі касцюм «Купаліш і Купалінка», убачыць прэзентацыю II Еўрапейскіх гульняў 2019 года,паказальныя выступленні спартсменаў Цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяцібор’і. Хлопцы і дзяўчаты пройдуць квэст «У пошуках папараць-кветкі».

Актыўна будзе працаваць маладзёжная пляцоўка, дзе размесціцца ўжо не перасоўная, а стацыянарная сцэна з партнёрам на 300 месцаў. Тут упершыню адбудзецца маштабная прэзентацыя аграэкатурызму Беларусі, таксама пройдзе абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», пройдуць прэзентацыі музычна-спартыўнага свята «Вялікая бард-рыбалка» і праекта «Магілёў – маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь 2018», фестываль фарбаў, майстар-класы па масажы, парэнні ў лазні, рэлакс-тэрапіі і інш. Запланаваны вялікі канцэрт бардаўскай песні з удзелам расійскай спявачкі, аўтара песень, тэатраведа Лідзіі Чабаксаравай (Масква) і аднаго з вядомых бардаў Уладзіміра Васільева (Украіна), а таксама Івана Ялынскага (Масква), Антонія Мурацкага (Польшча), Вольгі Залескай (Мінск), магілёўскіх музычных гуртоў «Водар кавы», «Барон Мюнхгаўзен».

Рэгіёны краіны прадставяць на свяце свае фестывальныя праекты. Напрыклад, Гомельская вобласць прэзентуе міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», Гродзенская – фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», Мінская – абласное свята «Слуцкія паясы», а 18 раёнаў Магілёўскай вобласці прадэманструюць свае знакавыя мерапрыемствы, у ліку якіх фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі», этнасвята «У госці да радзімічаў» (Чавускі раён), фестываль «Гаспадарчы сыр» (Слаўгарадскі раён).

«Праграма рыхтуецца насычаная і разнастайная. Спадзяюся, яна прыцягне вялікую колькасць гледачоў, – сказаў Андрэй Кунцэвіч. – Разлічваем, што «Купалле» наведае ў гэтым годзе больш за 110 тыс. чалавек».

Для таго каб госці і ўдзельнікі свята адчувалі сябе камфортна, будзе арганізавана не менш за 3 тыс. пасадачных месцаў у прадпрыемствах грамадскага харчавання. Больш за 80 суб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання плануе абслугоўваць гасцей, якія прыехалі на свята «Александрыя збірае сяброў». Агульная даўжыня гандлёвай экспазіцыі складзе больш за 1 км, а гэта 139 розных гандлёвых пунктаў.

Традыцыйна пабудуюць і зручную транспартную лагістыку. Задзейнічаюць чыгунку і аўтобусны парк. У гэтым годзе, акрамя рэгулярных рэйсаў, плануецца арганізаваць 18 дадатковых цягнікоў рэгіянальных ліній з абавязковым прыпынкам на станцыі Копысь. Акрамя гэтага, распрацуюць схему паркоўкі для асабістага аўтатранспарту, ад якой да месца правядзення фестывалю будзе ісці грамадскі транспарт. Дарэчы, тут можна будзе і пераначаваць. Імправізаваны палатачны лагер, як і ў мінулыя гады, не забаронены.

Першае свята «Купалле» адбылося ў 2010 годзе. Ідэю праводзіць фестываль у Александрыі тады падтрымаў кіраўнік дзяржавы. Гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты – Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці – Магілёўскую і Віцебскую.

Арганізатарамі свята выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Шклоўскі райвыканкам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая