Рус Бел Eng 中文

Атмасфернай прэм'ерай «Ю» закрые сезон Магілёўскі драмтэатр

Атмасфернай прэм'ерай «Ю» закрые сезон Магілёўскі драмтэатр. Паказы пройдуць 30 і 31 ліпеня, паведамілі карэспандэнту сайта ў адміністрацыі ўстановы культуры.

Рэжысёрам і мастаком-пастаноўшчыкам спектакля па аднайменнай п'есе расійскага драматурга Вольгі Мухінай з'яўляецца Міхаіл Лашыцкі. Апошні вядомы магілёўцам па працах «Аркестр мадам Артанс», «Кватэра дажджу», «Па шчупаковым загадзе», «Рамантыкі», «Казка пра каралеву, прынцэсу, рыцара і пачвару» і інш.

У анатацыі да спектакля гаворыцца, што дзеянне адбываецца ў Маскве. Героі збіраюцца ў кватэры на вячоркі. Яны мараць, кахаюць, здраджваюць, раўнуюць, даруюць і развітваюцца. А на дварэ – якісьсот нейкі год, лета без календара. Квітнее ліпа, якая пахне бэзам, лятаюць самалёты. Недзе далёка ідзе незразумела якая вайна, але сюды даходзіць толькі адзін фронт – атмасферны. І вакол каханне, ад якога усе крыху п'яныя і нехта гіне – амаль што...

«Ю» - гэта п'еса з малюнкамі. У ёй амаль няма сюжэту. Яе нельга зразумець розумам, можна толькі адчуць, – адзначылі суразмоўцы. – Гэты спектакль пра самае галоўнае, чаго не выказаць аднымі толькі словамі, лепш сыграць, праспяваць. Пастаноўка напоўнена музыкай не толькі ў пераносным, але і ў прамым сэнсе: на сцэне сыграе тэатральны ансамбль «Экспромт-класіка».

Дарэчы, адкрыць чарговы сезон Магілёўскі драмтэатр таксама мае намер прэм'ерай. 14 верасня на малой сцэне плануюць паказаць спектакль «Жоўты пясочак» па апавяданні Васіля Быкава. Ставіць яго будзе малады рэжысёр Каміля Хусаінава. Эскіз дадзенага спектакля яна рыхтавала ў межах майстэрні маладой рэжысуры XIII Міжнароднага моладзевага тэатральнага фестывалю «М.@rt.контакт».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая