Рус Бел Eng 中文

Бабруйскія шыны для мегасамазвалаў пройдуць выпрабаванні ў Кемераўскай вобласці

ААТ «Белшына» выпусціла першую доследную партыю СМК (суцэльнаметалакордных) шын для кар’ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці (да 450 т), паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Карпяк.

Восем шын з пасадачным дыяметрам 63 цалі, вышынёй больш за 4 м і вагой 5,7 т кожная адгружана ў Кемераўскую вобласць (Расія), дзе будуць праходзіць эксплуатацыйныя выпрабаванні на БелАЗах, якія працуюць у адным з вугальных кар’ераў.

«Шыны паспяхова прайшлі стэндавыя выпрабаванні на прадпрыемстве, а цяпер будуць выпрабоўвацца на хадзімасць у рабочых умовах пры максімальнай нагрузцы. На гэта пойдзе ад 6 да 8 месяцаў. Толькі пасля атрымання станоўчых вынікаў і выхаду на запатрабаваныя якасныя параметры навінкі будуць запушчаны ў серыйную вытворчасць», – адзначыў гендырэктар.

Паводле яго слоў, шыны былі выраблены на новым абсталяванні, закупленым у межах інвестыцыйнага праекта па стварэнні радыяльных СМК шын з пасадачным дыяметрам 57 і 63 цалі. На дадзены момант вопытныя партыі шын іншых тыпапамераў для кар’ерных самазвалаў накіраваны для прамысловых выпрабаванняў у розныя рэгіёны далёкага і блізкага замежжа для праходжання падкантрольных эксплуатацыйных выпрабаванняў на прадпрыемствах горнаруднай прамысловасці.

«А наша звышбуйнагабарытная СМК-шына 40.00 R57 BEL-350, прызначаная для эксплуатацыі на кар’ерных аўтасамазвалах грузападымальнасцю 220 т, ужо паспяхова прайшла выпрабаванні ў Сербіі. Замест належных 2,7 тыс. мотагадзін, яна выхадзіла 3,3 тыс. – гэта значыць на ўзроўні шын сусветных вытворцаў. У выніку мы заключылі кантракт з адной з сербскіх кампаній і ўжо адгрузілі 50 гэтых шын. А з лістапада бягучага года навінка будзе пастаўлена на серыйную вытворчасць», – сказаў Уладзімір Карпяк.

Рэалізацыя інвестпраекта дазволіць павялічыць асартымент і аб’ёмы вытворчасці гэтых шын для камплектацыі самазвалаў БелАЗ (грузападымальнасцю да 450 т), а таксама замежнай кар’ернай тэхнікі. Аналагічныя шыны цяпер вырабляе ўсяго некалькі кампаній у свеце.

Беларускі шынны камбінат створаны ў 1972 годзе, ператвораны ў ААТ «Белшына» ў 2002-м. Прадпрыемства з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў шын у Еўропе, выпускае больш за 350 тыпапамераў і мадэляў шын. ААТ ажыццяўляе экспартна-імпартныя аперацыі больш чым з 70 краінамі. Асноўнымі спажыўцамі прадукцыі на ўнутраным рынку з’яўляюцца найбуйнейшыя прадпрыемствы рэспублікі: БелАЗ, МАЗ, МТЗ, МЗКЦ, «Гомсельмаш», «Амкадор».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая