Рус Бел Eng 中文

БЧ адкрыла ў Магілёве кантакт-цэнтр па пасажырскіх перавозках

Беларуская чыгунка адкрыла ў Магілёве кантакт-цэнтр па арганізацыі пасажырскіх перавозак, паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.

«На вакзале станцыі Магілёў 7 ліпеня прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця кантакт-цэнтра Беларускай чыгункі па прадстаўленні кругласутачнай аператыўнай інфармацыі, а таксама аказанні кансультацыйнай дапамогі грамадзянам у вырашэнні ўсіх пытанняў арганізацыі пасажырскіх перавозак», – адзначылі ў прэс-цэнтры.

Звязацца з кантакт-цэнтрам можна праз адзіны нумар тэлефона 105, раздзел «Зваротная сувязь» на сайце чыгункі, для аказання сітуацыйнай дапамогі асобам з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі можна звязацца па тэлефонных нумарах +375222392547, +375297392547, +375296592547.

У кантакт-цэнтры ўстаноўлена праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе забяспечваць апрацоўку не менш за 1 млн званкоў на месяц, кантраляваць, аналізаваць з дапамогай маніторынгу і статыстычных справаздач як паказчыкі працы кантакт-цэнтра ў цэлым, так і работу кожнага асобнага супрацоўніка.

«Пры рэалізацыі праекта ўжыты самыя сучасныя праграмна-тэхнічныя рашэнні, якія забяспечваюць высокую адмоваўстойлівасць і маштабаванасць, такія як «тонкія кліенты», IP-тэлефоны, адказаўстойлівы серверны кластар, сістэмы віртуалізацыі, базы ведаў. Кіраванне апрацоўкай нестандартных пытанняў арганізавана праз «тыкетную» сістэму. Сістэма абслугоўвання кліентаў стане большпростай і эфектыўнай за кошт укаранення адзіных стандартаў абслугоўвання, пераходу да падтрымкі продажаў, якія ажыццяўляюцца праз дыстанцыйныя каналы, у рэжыме рэальнага часу, раўнамернага размеркавання ўваходных выклікаў па ўсіх «актыўных» працоўных месцах, індывідуальнага падыходу да кожнага супрацоўніка з улікам яго прафесійных ведаў і навыкаў, магчымасці рабіць планавыя дзеянні па павышэнні якасці абслугоўвання выклікаў», –адзначылі ў БЧ.

У прэс-цэнтры нагадалі, што на вакзалах Беларускай чыгункі (станцыях Баранавічы-Палескія, Ліда, Гродна, Лунінец, Гомель, Жлобін, Калінкавічы, Крычаў, Віцебск, Полацк) працуе 15 інфармацыйна-даведачных тэрміналаў са спецыялізаваным праграмным забеспячэннем, што пашырае магчымасці атрымання даведачнай інфармацыі аб раскладзе руху цягнікоў, паслугах, якія прадастаўляюцца на вакзалах.

«Важна, што з гэтых тэрміналаў ёсць магчымасць аўдыя- і відэасувязі з аператарам (дзяжурным) кантакт-цэнтра для атрымання даведачнай інфармацыі. Для людзей з аслабленым зрокам таксама прадугледжана магчымасць аўдыя- і відэасувязі з аператарам кантакт-цэнтра: побач з механічнай кнопкай выкліку размешчаны надпіс шрыфтам Брайля, які тлумачыць, што тут можна зрабіць аўдыя- і відэазванок», – удакладнілі ў БЧ.

Для забеспячэння тэхналагічнага працэсу працы кантакт-цэнтра арганізавана дзве аперацыйныя залы на 45 рабочых месцаў з выкарыстаннем шумапаглынальных матэрыялаў. У кожнай з іх размешчаны экраны з трансляцыяй паказчыкаў працы ў рэжыме onlinе. Праведзена вялікая работа па падборы і навучанні персаналу, арганізацыі сістэм сувязі і іх інтэграцыі ў сістэмы БЧ.

«Да сакавіка 2019 года кантакт-цэнтр выйдзе на поўную праектную магутнасць з ахопам усіх абласцей краіны і Мінска. Ужо сёння кантакт-цэнтр БЧ дэманструе высокія паказчыкі якасці абслугоўвання кліентаў. Толькі за апошні месяц па нумары 105 паступіла больш за 90 тыс. запытаў, сярэдні час чакання абслугоўвання склаў 15 секунд», – растлумачылі ў БЧ. Выступаючы на адкрыцці кантакт-цэнтра, начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў адзначыў: «У стварэнні кантакт-цэнтра ўвасоблены ідэі спецыялістаў розных службаў БЧ, каб па адзіным стандарце вырашаць пытанні арганізацыі пасажырскіх перавозак. Нумар 105 стане добрым таварышам і сябрам для жыхароў і гасцей Беларусі». Пры гэтым ён дадаў, што ідэалогія Беларускай чыгункі – рух без межаў. «Вельмі важна, што праца кантакт-цэнтра павышае даступнасць паслуг для асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі», – падкрэсліў начальнік БЧ. Праект ажыццяўляўся ў цесным узаемадзеянні з арганізацыямі сувязі: кампаніямі «Белтэлекам», МТС, velcom, life:).

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая