Рус Бел Eng 中文

Беларускі цэментны завод валодае сур’ёзным патэнцыялам для развіцця – Уладзімір Зіноўскі

ААТ «Беларускі цэментны завод» (уваходзіць у склад холдынгу «Беларуская цэментная кампанія») валодае сур’ёзным патэнцыялам для развіцця. Пра гэта заявіў сёння ў час сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.

Паводле слоў Міністра, у ходзе наведвання ён азнаёміўся з працай завода і бачыць, што калектыў сёння працуе дастаткова паспяхова, генеруючы пэўны рост зарплаты і рэнтабельнасці продажаў, прадпрыемства своечасова разлічваецца па бягучых даўгах за электраэнергію, газ, своечасова плаціць падаткі.

На думку Уладзіміра Зіноўскага, перспектывы развіцця завода ён бачыць у далейшай актывізацыі працы па зніжэнні выдаткаў, выпуску новай канкурэнтаздольнай прадукцыі з высокім дабаўленым коштам. «Гэта дасць магчымасць павышаць зарплату і бачыць перспектывы пагашэння тых крэдытных рэсурсаў, якія прадпрыемства ўзяло пад мадэрнізацыю», – заўважыў ён.

«Безумоўна, дзяржава ў меру сіл і магчымасцяў будзе дапамагаць у гэтым працэсе БЦЗ, – запэўніў Міністр. – Але і бізнес-мадэль прадпрыемства павінна паляпшацца, каб, генеруючы прыбытак, яно змагло само разлічвацца па даўгах. Усё неабходнае для гэтага ёсць: моцная каманда інжынерна-тэхнічных работнікаў і кіраўніцтва вельмі выразна разумеюць свае задачы, падтрымка мясцовых органаў улады і канкурэнтаздольная прадукцыя. Таму ёсць усе шанцы, што БЦЗ выйдзе ў найбліжэйшай будучыні на лідзіруючыя пазіцыі ў галіне».

Па словах Уладзіміра Зіноўскага, стабільная праца прадпрыемства з’яўляецца таксама адной з цаглінак устойлівага эканамічнага развіцця краіны. Міністр адзначыў у цэлым паспяховае завяршэнне 2017 года. На яго думку, у такіх умовах для выканання задачы 2018 года па дасягненні эканамічнага росту на ўзроўні 103,5% важна з самага пачатку года не зніжаць набраных тэмпаў.

«Мэтавая матрыца задач вертыкалі ўлады збудаваная. Далей усё залежыць ад выканаўцаў, іх прафесіяналізму, ступені адказнасці і жадання працаваць. Ад гэтага будзе залежаць выкананне дзяржаўных сацыяльных праграм, рост зарплаты і павышэнне пенсій», – рэзюмаваў міністр.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая