Рус Бел Eng 中文

Больш за 30 юных музыкантаў Магілёўшчыны будуць змагацца за выхад у фінал Міжнароднага дзіцячага конкурсу «Музыка надзеі»

Другі адборачны этап XV Міжнароднага дзіцячага конкурсу «Музыка надзеі» ў намінацыях «Скрыпка» і «Віяланчэль» пройдзе ў Магілёўскім дзяржаўным музычным каледжы імя М. А. Рымскага-Корсакава. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ва ўстанове адукацыі.

Паводле слоў суразмоўцаў, адборачны этап пройдзе ў два туры. Першы адбудзецца 9 кастрычніка. Другі запланаваны на 16 кастрычніка.

Заяўкі на конкурс падалі больш за 30 юных дараванняў з усёй Магілёўскай вобласці. «Для таго каб атрымаць магчымасць паўдзельнічаць у адным з самых галоўных дзіцячых конкурсаў Беларусі, навучэнцы музычных школ, гімназій і каледжаў мастацтваў цэлы год рыхтуюцца, працуюць над тэхнікай і адточваюць сваё майстэрства», – падкрэслілі спецыялісты.

Пераможцы прадставяць Магілёўшчыну на заключным этапе Міжнароднага дзіцячага конкурсу «Музыка надзеі», які пройдзе з 4 па 8 снежня 2017 года ў Гомелі.

Першы конкурс «Музыка надзеі» адбыўся ў красавіку 1996 года ў дні 10-годдзя Чарнобыльскай трагедыі. Яго галоўнай мэтай была падтрымка дзіцячай творчасці ў раёнах, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС. Правядзенне гэтага музычнага спаборніцтва юных талентаў на Гомельшчыне стала добрай традыцыяй, якая ўмацоўвае і развівае сяброўскія сувязі дзяржаў блізкага і далёкага замежжа.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая