Рус Бел Eng 中文

Больш за 80% білетаў прададзена на спектаклі моладзевага тэатральнага форума «М.@rt.кантакт»

Лічаныя дні застаюцца да пачатку XII Міжнароднага моладзевага тэатральнага форума «M.@rt.кантакт». На сёння ўжо прададзена 83% білетаў на спектаклі, паведаміла карэспандэнту сайта літаратурны рэдактар абласнога драматычнага тэатра Вольга Семчанка.

Па словах суразмоўцы, традыцыйна на старце продажу білетаў фестывалю найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца пастаноўкі, якія дэманструюцца ў дзень афіцыйнага адкрыцця і закрыцця. Білеты на камедыю па творы ІванаТургенева «Месяц у вёсцы» Тэатра драмы імя Фёдара Волкава з Яраслаўля і трагіфарс «Ты, я...» Тэатра-фэсту «Балтыйскі Дом» з Санкт-Пецярбурга разышліся літаральна ў лічаныя дні. Таксама павышаным попытам карысталіся спектаклі маскоўскіх і піцерскіх тэатраў.

«У першы тыдзень рэалізацыі прыхільнікі Мельпамены раскупілі каля 50% білетаў, – расказала Вольга Семчанка. – Вялікая колькасць білетаў была забраніравана праз інтэрнэт».

У касе драмтэатра яшчэ засталося крыху «пуцёвак» на пастаноўкі. Запаветны білет можна набыць на спектаклі «Халстамер. Гісторыя каня» Тбіліскага дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра імя А.С.Грыбаедава, «Прадметная размова» Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, «Гэта ўсё яна» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, «Архіпелаг» Тэатра танца «Caro» з Польшчы і спектакль «Крэйцарава саната» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

XII Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М.@rt.кантакт» пройдзе ў Магілёве 21-27 сакавіка. У гэтым годзе плануецца паказ 22 спектакляў 20 тэатраў з 10 краін свету. У горад на Дняпры прыедуць калектывы з Расіі, Беларусі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Арменіі, Грузіі, Літвы. Упершыню ў форуме прымуць удзел тэатры з Аўстрыі і ЗША.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая