Рус Бел Eng 中文

Больш за 80 мерапрыемстваў запланавана ў праграме XXV Дня беларускага пісьменства ў брэсцкім Іванава

Больш за 80 мерапрыемстваў запланавана ў праграме XXV Дня беларускага пісьменства, паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Іванаўскага райвыканкама Галіна Клімовіч.

Свята пройдзе 1-2 верасня ў Іванава больш чым на двух дзясятках пляцовак. «У праграму ўключаны мерапрыемствы, прапанаваныя як рэспубліканскімі міністэрствамі і ведамствамі, так і мясцовымі органамі ўлады (Брэсцкім абласным, Іванаўскім раённым выканкамамі). Акрамя гэтага, для дэлегацый і гасцей запланаваны розныя экскурсіі з наведваннем музеяў, аглядам славутасцяў раёна», – адзначыла Галіна Клімовіч.

Першы дзень практычна цалкам будзе прысвечаны літаратуры. Так, у раённым музейным комплексе імя Напалеона Орды пройдзе міжнародны Круглы стол беларускіх і замежных літаратараў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Плануецца, што ў дыскусіі прымуць удзел прадстаўнікі 15 краін. У раённай бібліятэцы імя Панфёрава збяруцца ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі «Іванаўскія чытанні». На гарадской плошчы разгорнуцца павільёны традыцыйнага фестывалю кнігі і прэсы, падчас якога адбудуцца аўтограф-сесіі беларускіх пісьменнікаў, прэзентацыі найлепшых выданняў мастацкай, навуковай і дзіцячай літаратуры, адбудзецца грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам».

Іванаўскі раённы Цэнтр культуры і народных традыцый на два дні ператворыцца ў адну вялікую экспазіцыйную пляцоўку. Тут можна будзе пазнаёміцца з выставай, прысвечанай 400-годдзю першага ў свеце выдання пад назвай «Буквар», экспазіцыяй галаграм старадрукаваных кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выставай кніг з фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, дакументальнымі выставамі, прысвечанымі творчасці Я. Коласа, М. Зарэцкага. Увечары ў цэнтры адбудзецца фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», прысвечанага Году малой радзімы.

Таксама 1 верасня ААТ «Белкніга» ўрачыста адкрые ў раённым універмагу кніжны магазін «Верасень». Днём у гарадскім парку стартуе XXII абласное свята-конкурс духавой музыкі «Фанфары-2018». Бліжэй да вечара там адбудзецца закрыццё абласнога пленэра разьбяроў па дрэве. Мотальскі музей народнай творчасці будзе прымаць ўдзельнікаў краязнаўчых чытанняў па рукапісе Марыі Саковіч 1877 года «Сяляне мястэчка Моталь і іх песні».

Праграма другога дня пачнецца з адкрыцця на вул. 17 Верасня ў Іванава памятнага знака, прысвечанага юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. Афіцыйная цырымонія адкрыцця свята адбудзецца ў 12.00 на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку, падчас якой адбудзецца ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Там жа эстафету свята ўрачыста перададуць Слоніму, дзе пройдзе XXVI Дзень пісьменства. У адкрыцці і вялікай вячэрняй праграме прымуць удзел зоркі беларускай эстрады Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, «Беларускія песняры», ансамбль «Бяседа» і іншыя.

Праграма таксама ўключае гашэнне памятнай маркі і паштовага канверта, майстар-класы па традыцыйных рамёствах і выставу-продаж тэматычнай сувенірнай прадукцыі народных умельцаў. Часткай Дня пісьменства традыцыйна з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Жыватворным агнём ад гроба Гасподняга, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Удзельнікі экспедыцыі высадзяць на тэрыторыі беларускамоўнай СШ №4 Сад Малітвы, правядуць духоўна-асветніцкія сустрэчы з жыхарамі вёсак Адрыжын і Махро, персаналам і адпачывальнікамі санаторыя «Алеся».

Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. У гэтым годзе ён прысвечаны тэме «Мая малая радзіма».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая