Рус Бел Eng 中文

Будаўнічыя работы ў магілёўскім парку ў Падніколлі не аказваюць негатыўных уплываў на зялёныя насаджэнні – Аляксандр Веракса

Будаўнічыя работы ў магілёўскім парку ў Падніколлі не аказваюць ніякіх негатыўных уплываў на зялёныя насаджэнні. Пра гэта журналістам на прэс-канферэнцыі па пытаннях канцэпцыі развіцця дадзенага месца адпачынку паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Веракса.

Паводле яго слоў, работы на аб’екце вядуцца актыўна. Добраўпарадкаванне тэрыторыі Падніколля было пачата чатыры гады таму з ачысткі ад смецця, выдалення баршчэўніка Сасноўскага і дзікарослых парасткаў. Тады плошчу ў 100 га складана было назваць паркам. Сёння зона адпачынку набывае новае гучанне і выгляд, становіцца любімым месцам магілёўцаў. Разам з тым ёсць пытанні, якія хвалююць гараджан. У прыватнасці, жыхары горада на Дняпры занепакоены высечкай дрэў у парку.

Як запэўніў Аляксандр Вяракса, будаўніцтва на аб’екце ідзе з асцярожным стаўленнем да спадчыны парку. Напрыклад, калі пры работах па плане пешаходная дарожка пралягае на месцы вырастання дрэва, то праект карэкціруецца ў яго абыход.

У тым, што працы вядуцца з максімальным захаваннем зялёных насаджэнняў, запэўніў і дырэктар КВУП «Магілёўзелянбуд» Пётр Аляксейчыкаў. Супрацоўнікі прадпрыемства былі занепакоены тым, што шматгадовыя дрэвы ў парку пачалі ўсыхаць, і звярнуліся з просьбай правесці абследаванне Падніколля ў Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі. Спецыялісты праверылі фітасанітарны стан старых пасадак і выявілі расліны з сімптомамі пашкоджання насякомымі і хваробамі. «Нам былі дадзены рэкамендацыі па своечасовай высечцы хворых дрэў, лячэнні і правядзенні падкормкі раслін угнаеннямі, – адзначыў Пётр Аляксейчыкаў. – Такім чынам, дрэвы гінуць не ад тэхналагічных уздзеянняў або ў выніку чалавечай дзейнасці, а ад старасці і хвароб. Заражаных дрэў у парку налічваецца каля 100. На працягу двух-трох тыдняў яны будуць высечаны».

Разам з тым, у Падніколлі праводзяцца маштабныя аднаўленчыя пасадкі. Трэба разумець, што гэта не кампенсацыйныя працы, згодна з якімі ўзамен аднаго высечанага здаровага дрэва варта высадзіць тры. Гэта дэкаратыўнае ператварэнне з мэтай паляпшэння дэндралагічнага складу парку, эстэтыкі.

«За чатыры гады на тэрыторыі ад ракі Дзебра да моста па вуліцы Каралёва высаджана каля 4 тыс. дрэў розных ліставых парод, якія растуць у нашай кліматычнай паласе, – удакладніў Пётр Аляксейчык. – Работы працягнуцца на суботніку, які пройдзе ў Магілёве 28 кастрычніка. Падчас добраахвотнага дня працы плануецца высадзіць больш за 500 саджанцаў. Запрашаем гараджан прыняць удзел у ператварэнні цэнтральнага парка».

Акрамя азелянення, у парку праводзяцца будаўнічыя работы. Першая чарга добраўпарадкавання ўжо завершана. Другі этап ахоплівае тэрыторыю памерам амаль у 9 га і стане працягам стартавага праекта. Тут з’явяцца ціхая зона адпачынку, дзіцячая пляцоўка з вяровачным гарадком, вясельны куток, дзе маладыя змогуць захаваць яркія моманты пачатку свайго сямейнага жыцця. Паміж сабой гэтыя астраўкі будуць звязаны веласіпеднымі і пешаходнымі дарожкамі. На ўсім працягу ўсталююць лаўкі і альтанкі для адпачынку, пітныя фантанчыкі. У наступным годзе плануецца здаць лесвічны спуск з плошчы Арджанікідзэ, пралёты якога аб’яднаюць невялікія аглядныя пляцоўкі з ратондамі і лаўкамі. Па цэнтры лесвіцу ўпрыгожыць фантан з бягучай вадой.

Аляксандр Веракса выказаў надзею, што ўдасканаленне парку ў Падніколлі будзе працягвацца бясконца. «Цяпер мы робім неабходнае для стварэння выгод адпачывальнікам. Калі разаўём базавую сетку, парк пачне напаўняцца праектамі, якія не супярэчаць яго канцэпцыі і інтарэсам, – падкрэсліў намеснік старшыні. – Патрабуецца час, фантазія і сродкі, каб Падніколле зайграла па-новаму. Спадзяюся, у перспектыве гэтая рэдкая тэрыторыя стане яркім, дагледжаным зялёным кутком у самым сэрцы Магілёва».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая