Рус Бел Eng 中文

Даходы ад замежнага паляўнічага турызму Магілёўскай вобласці за 2016 год узраслі больш чым на трэць

Лесапаляўнічыя гаспадаркі Магілёўскай вобласці за 2016 год зарабілі за кошт замежнага паляўнічага турызму Вr 217 тыс., што на Вr 55,5 тыс., ці на 34% больш у параўнанні з папярэднім годам. Пра гэта паведаміў галоўны паляўніцтвазнавец Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Дзмітрый Панцялееў.

Даходы ад унутранага паляўнічага турызму і эксплуатацыі паляўнічых комплексаў вобласці склалі за мінулы год Вr 195 тыс. У асноўным паляваць і адпачываць у Магілёўскую вобласць едуць расейцы, а таксама ў мінулым годзе здабывалі трафейнага звера немцы, швейцарцы, палякі. Паляванне вялося ў асноўным на казуль, ласёў і высакародных аленяў.

“Разам з паляваннем мы актыўна прапаноўвалі замежным турыстам прагуляцца па экамаршрутах і экасцяжынах, паглядзець на цікавыя прыродныя аб’екты і гістарычныя славутасці. Такім чынам, упершыню на экатурызму мы зарабілі ў мінулым годзе Вr 6,4 тыс”, – сказаў Дзмітрый Панцялееў.

У лясгасах Магілёўскай вобласці з мэтай атрымання дадатковага даходу ад турызму распрацавана 130 км экалагічных маршрутаў і 14 км пешаходных экасцяжын. Да прыкладу, экамаршрут ў Быхаўскім лясгасе прадугледжвае наведванне каскаду крыніц «Захаранка», партызанскага мемарыяла, – гіганцкіх соснаў, гарадзішча ранняга жалезнага веку і іншых аб’ектаў. У Клімавіцкім лясгасе на экасцяжыне можна ўбачыць дубы-волаты, пазнаёміцца з лекавымі раслінамі, даведацца шмат цікавага аб пане Шацкім і яго сядзібе, а яркім фіналам падарожжа стане наведванне фазанарыя.

“Праца па развіцці сеткі турыстычных маршрутаў на тэрыторыі лясгасаў вобласці будзе працягнута з мэтай атрымання дадатковых сродкаў за кошт турызму, больш поўнай загрузкі і эфектыўнага выкарыстання наяўных у лясгасах дамоў паляўнiчага i паляўнічых комплексаў. Для развіцця паляўнічага турызму ў гэтым годзе ў Чавускім лясгасе будзе ўведзена ў карыстанне першая ў галіне вальерная паляўнічая гаспадарка, дзе можна будзе папаляваць на высакароднага аленя, а ў перспектыве на муфлона і лань”,– расказаў Дзмітрый Панцялееў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая