Рус Бел Eng 中文

«Дажынкі – 2018» у Магілёўскім раёне: лідары жніва, лялькі-абярэгі і кіданне валёнак

Адзін з лідараў жніва вобласці Магілёўскі раён сёння адзначыў традыцыйнае свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі – 2018». Урачыстасці ўпершыню прайшлі ў аграгарадку Завадская Слабада і сабралі больш за тысячу ўдзельнікаў: дэлегацыі сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікі працоўных калектываў, фермеры, бізнесмены, госці з суседніх раёнаў.

Адзначаць свята хлебаробаў з размахам для Беларусі традыцыйна. Вось і ў Магілёўскім раёне стараюцца не падвесці і правесці ўрачыстасці на належным узроўні. Святочны настрой ствараюць ужо па дарозе – мільгаюць сімвалы «Дажынак», маляўнічыя расцяжкі і кампазіцыі. Усе настройвае на тое, што на свяце нікому сумаваць не давядзецца.

Прыбыўшы на месца крыху раней, мы атрымалі магчымасць спакойна прагуляцца і агледзецца вакол. Адразу відаць, што тут сур’ёзна рыхтаваліся да мерапрыемства: усюды чысціня і парадак.

Сваю лепту ў агульную справу па добраўпарадкаванні ўнесла і мясцовая школа-сад, якую за гэта адзначылі падзякай Магілёўскага райвыканкама. У сельскім цэнтры адукацыі і культуры ў гэты дзень гасцінна віталі ўсіх наведвальнікаў, арганізавалі сумесна з Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскага раёна выставы і майстар-класы.

Педагог дадатковай адукацыі Людміла Паддубская вучыць усіх жадаючых рабіць абярэгі – лялькі-зернавушкі (крупенічкі). «Гэта славянская традыцыя шырока распаўсюджаная ў Беларусі, – заўважыла Людміла Іванаўна. – Іх было прынята майстраваць на свята першага ўраджаю. Зернавушка была галоўнай лялькай ў сям’і. Першыя жмені пры пасеве збожжа бралі з мяшэчка, пашытага ў вобразе гэтай лялячкі. Збожжа ў ёй сімвалізавала зберажоныя сілы карміцелькі-зямлі. Пасля ўборачнай кампаніі ляльку зноў напаўнялі адборным збожжам ужо новага ўраджаю. Яе маляўніча прыбіралі і беражліва захоўвалі на бачным месцы. Гэтыя лялькі служылі абярэгам на сытасць і дастатак у сям’і».

Святочная праграма раённых «Дажынак» адкрылася па традыцыі ўрачыстым шэсцем і ўшанаваннем перадавікоў. На чале калоны ішлі, вядома, галоўныя героі жніва – хлебаробы. Сярод іх і абсалютны лідар цяперашняга сезону старшы камбайнер ЗАТ «Агракамбінат» Зара»» Аляксей Макосаў, які намалаціў звыш 4 тыс. т збожжа, дабіўшыся найлепшага выніку не толькі ў раёне, але і ўсёй рэспубліцы.

«Для мяне гэта была ўжо 15-я ўборачная гарачая пара, – дзеліцца Аляксей Макосаў. – Прычым адна з самых складаных. Каб дамагчыся такога высокага выніку, даводзілася працаваць часам нават па начах. Усе мае калегі паставіліся вельмі адказна да працы, прыбраўшы збожжавыя ў аптымальныя тэрміны і з мінімальнымі стратамі. Вынік гаворыць сам за сябе – наша гаспадарка па-ранейшаму лідар жніва».

«Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, мы дамагліся высокага выніку, вырасціўшы добры ўраджай і намалаціўшы больш за 20 тыс. т збожжавых – гэта амаль кожная чацвёртая тона ўсяго Магілёўскага раёна. А сярэдняя ўраджайнасць у гаспадарцы склала 65 ц/га», – не без гонару расказвае старшыня назіральнага савета агракамбіната «Зара», поўны кавалер ордэна Айчыны Леанід Маісееў.

Урачыстая частка ўшанавання перадавікоў на галоўнай сцэне свята пачалася з рапарта аб праведзенай працы, які здае адзін з найлепшых хлебаробаў раёна Сяргей Раманенка (ЗАТ «Агракамбінат «Зара»»). Ён адзначыў, што раён у бягучым годзе намалаціў 87 тыс. т збожжавых пры сярэдняй ураджайнасці 32 ц/га. Механізатар выказаў упэўненасць у тым, што ўраджай будучага года будзе багацейшым, а хлебаробы раёна для гэтага прыкладуць усе магчымыя намаганні. Затым ён перадаў сімвал сёлетняга ўраджаю – дажыначны сноп – старшыні райвыканкама Анатолю Дуцько.

Кіраўнік раёна выказаў словы падзякі і ўдзячнасці ўсім удзельнікам ўборачнай кампаніі, адзначыўшы, што сельскагаспадарчая галіна з’яўляецца адной з асноўных у развіцці эканомікі раёна. Па выніках працы за студзень-жнівень бягучага года раён атрымаў Вr221 млн выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, а чысты прыбытак склаў Вr8 млн. На долю раёна прыходзіцца 27% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі і 12% валавога збожжа ў вобласці. Па ўказаным паказчыку раён з’яўляецца адным з лідараў у рэгіёне.

Да віншаванняў працаўнікоў вёскі далучыўся і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў. Ён адзначыў важнасць дасягненняў аграрыяў, але пры гэтым нагадаў, што хлебаробы раёна ўпершыню за апошнія дзесяць гадоў не змаглі пераступіць 100-тысячны рубеж па намалоце збожжавых культур. «Гэта падстава для таго, каб задумацца, дэталёва разабрацца ў сітуацыі і прыняць усе намаганні, каб у наступным годзе атрымаць годны ўраджай збожжавых. А зачын для гэтага трэба рабіць ужо цяпер», – падкрэсліў Генадзь Лаўранкоў.

Урачыстасці працягнуліся узнагароджаннем пераможцаў раённага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю збожжавых і найлепшых працаўнікоў вёскі. У фінале падарункам для ўдзельнікаў мерапрыемства і гасцей стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны творчымі калектывамі раёна.

Затым святочная праграма разгарнулася на тэматычных пляцоўках аграгарадка. Тут можна было падсілкавацца стравамі традыцыйнай беларускай кухні, прадэгуставаць вырабы мясцовых вытворцаў, наведаць выставы, паўдзельнічаць у майстар-класах рамеснікаў, набыць сувеніры.

Асаблівай папулярнасцю гасцей карысталася дзіцячая і спартыўная пляцоўкі, якія разгарнуліся на мясцовым стадыёне. Тут прапаноўвалі наведаць розныя атракцыёны, паўдзельнічаць у спаборніцтвах па кіданні валёнак, жыме гіры, народным боўлінгу.

Песні, танцы, нацыянальная кухня, сучасная і народная культура – на «Дажынках» у Завадской Слабадзе хапала ўсяго, каб ніхто не з’ехаў адсюль у дрэнным настроі, а значыць - свята ўдалося.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая