Рус Бел Eng 中文

Дэлегацыя Магілёўскай вобласці адправілася на Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Сочы

Дэлегацыя Магілёўскай вобласці адправілася на XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Сочы. Урачыстая цырымонія адбылася сёння ў абласным тэатры лялек, як перадае карэспандэнт сайта.

«Нам выпаў гонар прадстаўляць Беларусь на маштабным міжнародным форуме, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. – У Сочы з’едуцца найлепшыя прадстаўнікі моладзі, яркія, цікавыя асобы са 180 краін, каб абмеркаваць асноўныя праблемы сучаснасці. Магілёўшчына таксама стане часткай гэтай вялікай размовы. У склад абласной дэлегацыі ўвайшлі больш за 20 чалавек, і гэтыя людзі сапраўды вартыя прадстаўляць рэгіён на сусветнай пляцоўцы. Сярод іх – актывісты «БРСМ», выдатнікі вучобы, пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх творчых і спартыўных конкурсаў, камбайнеры-перадавікі, члены валанцёрскага атрада «Шчасце ў падарунак», індывідуальныя прадпрымальнікі, лаўрэаты спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы. Спадзяюся, на працягу фестывальнага тыдня мы актыўна папрацуем і зможам дасягнуць тых мэтаў, якія ставяць перад удзельнікамі арганізатары форуму».

Як расказаў першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Павел Алекса, наперадзе ў моладзі няпростая і адказная задача. «Гісторыя фестывалю ўражвае. З 1947 года маладзёжныя форумы праводзяцца ў розных краінах свету. Першы адбыўся ў Празе. Расія яго прымае ў трэці раз. Масква станавілася сталіцай моладзёжнага руху ў 1957 і 1985 гадах. Сёння мы працягваем традыцыі і становімся ўдзельнікамі гістарычнай падзеі, – заўважыў Павел Алекса. – Наперадзе чакае насычаны тыдзень. Прадстаўнікі Прыдняпроўскага краю будуць задзейнічаны ў розных тэматычных блоках, на ўсіх пляцоўках, якія фарміруе беларуская дэлегацыя. Моладзі трэба будзе плённа папрацаваць, паказаць сябе з найлепшага боку і пераняць карысны вопыт».

Паводле слоў удзельніка XII фестывалю (1985 год, Масква), старшыні Магілёўскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Анатоля Хмялеўскага, такія падзеі запамінаюцца на ўсё жыццё. «Часам гэта спісваецца на настальгію па маладосці, калі здаецца, што трава больш зелёная і неба больш сіняе. Гэта так толькі часткова. Наперадзе ў вас грандыёзныя падзеі, але самае галоўнае – чалавечыя зносіны, – адзначыў ён. – Маскоўскі фестываль запомніўся мне зносінамі з аднагодкамі, з якімі працягваем тэлефанаваць адзін аднаму і сустракацца дагэтуль». Анатоль Хмялеўскі пажадаў дзецям плённай працы, годна прадставіць Магілёўшчыну і Беларусь на форуме і падтрымаць высокі аўтарытэт беларусаў, які напрацаваны папярэднікамі.

Са словам на дарогу да моладзі звярнуўся старшыня Магілёўскага абласнога савета ветэранаў Анатоль Любчанка. «Маё пакаленне дзяцей вайны, камсамольскай моладзі актыўна ўдзельнічала ў паходах па месцах баявой і працоўнай славы, ударных камсамольскіх будоўлях, пакінуўшы пасля сябе добрую памяць. У вас усё наперадзе. Паспрабуйце не толькі зберагчы тое, што ў нас ёсць, але і памножыць. Не сумняваюся, вы плённа праведзяце наступны тыдзень і зробіце ўсё магчымае, каб не падвесці нашу краіну. Спадзяюся, па вяртанні дадому вы знойдзеце магчымасць сустрэцца з ветэранамі і раскажаце пра свае дасягненні, выніках удзелу ў міжнародным форуме, шляху, па якім варта рухацца далей, каб наша рэспубліка стала больш прыгожай і моцнай».

У слове ў адказ ад моладзі старшы інспектар Магілёўскага інстытута МУС Аляксандр Марко сказаў, што дэвіз першага форуму, які прайшоў у 1947 годзе, – «Моладзь, аб’ядноўвайся, наперад да будучага міру!» – актуальны і сёння. «Мы выдатна ведаем, што свет неспакойны. Да гэтага часу маюць месца ваенныя канфлікты і супрацьстаянне. І адзінай умовай ўстойлівага развіцця грамадства з’яўляецца мірны дыялог. Каму размаўляць, як не прадстаўнікам моладзі, якія яшчэ не так абцяжараны палітычнымі і сацыяльнымі забабонамі, – адзначыў дэлегат. – Як бы моцна гэта ні гучала, але менавіта новаму пакаленню праз гады трэба будзе ўзначаліць арганізацыі і прадпрыемствы, стаць ва ўладзе. На форуме моладзь зможа набрацца вопыту, абмяняцца поглядамі па розных тэмах і праблемах, знайсці неабходныя кантакты. Мне ўдвая прыемна прымаць удзел у гэтым форуме, паколькі я працягваю традыцыі інстытута МУС, супрацоўнікі і курсанты якога забяспечвалі ахову правапарадку падчас правядзення XII фестывалю ў Маскве». Ён пажадаў калегам насычанага мноствам знаёмстваў, яркімі уражаннямі і адкрыццямі фестывальнага тыдня і напоўненага радасцю і ўпэўненасцю кожнага дня форуму.

Гонар за краіну і давераны гонар прадстаўляць Беларусь на міжнародным форуме адчувае камбайнер Іван Багель з СВК «Рассвет» імя К.П.Арлоўскага Кіраўскага раёна. «Не адзін год у складзе збожжаўборачнага экіпажа камбайна я прыкладаю максімальныя намаганні для дасягнення найвышэйшага выніку на жніве. З такой жа самааддачай мы будзем працаваць на маладзёжным форуме ў Сочы і зробім усё магчымае, каб Беларусь яшчэ ярчэй загучала на сусветнай арэне», – падкрэсліў ён.  

Пасля завяршэння ўрачыстых праводзін удзельнікі мерапрыемства прайшлі на плошчу Славы, дзе адбылося ўскладанне кветак.

XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў пройдзе з 14 па 22 кастрычніка ў Сочы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая