Дні кіно «Тураўская восень», прысвечаныя памяці вядомага беларускага кінарэжысёра Віктара Турава, пройдуць 22-24 кастрычніка ў абласным цэнтры. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве «Кінавідэапракат».
Мерапрыемства штогод праводзяць у родным горадзе майстра. 25 кастрычніка 2018 года яму споўнілася б 82 гады.
У фармаце Дзён кіно ў кінатэатрах Магілёва пройдуць рэтраспектыўныя паказы фільмаў Віктара Турава: «Пункт адліку», «Вайна пад стрэхамі», «Чорны бусел», «Сыны ідуць у бой», «Час яе сыноў». Таксама гледачы ўбачаць дакументальны фільм «Віктар Тураў. Дыханне жыцця». Рэжысёрам стужкі стаў Яўген Сяцько, аператарам Аляксандр Уласаў, а сцэнарый напісаў вучань майстра Аляксандр Анісімаў. У аснове сюжэту 26-хвіліннай стужкі «Беларусьфільма» – гісторыя пра жыццё і творчасць выдатнага беларускага кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі і СССР, фільмы якога ўвайшлі ў залаты фонд беларускага і сусветнага кінамастацтва. Акрамя таго магілёўцы змогуць паглядзець камедыю «Кіндар-Вілейскі прывід», знятую яго дачкой Аленай Туравай.
Традыцыйны мітынг з ускладаннем кветак да памятнай дошкі Віктара Турава адбудзецца 23 кастрычніка перад будынкам кінатэатра «Радзіма».
Віктар Тураў нарадзіўся ў Магілёве 25 кастрычніка 1936 года. Свой шлях у мастацтва ён пачынаў на кінастудыі «Беларусьфільм», куды прыйшоў у 1959 годзе. Міжнароднае прызнанне Віктар Тураў атрымаў у 1965-м пасля стварэння свайго першага поўнаметражнага фільма «Праз могілкі» паводле аповесці Паўла Ніліна. За 37 гадоў творчага жыцця рэжысёр і сцэнарыст Віктар Тураў стварыў 26 фільмаў, многія з якіх адзначаны ўзнагародамі самых прэстыжных кінафестываляў. Так, мастацкі фільм «Праз могілкі» рашэннем ЮНЕСКА ў 1994 годзе ўнесены ў спіс 100 найлепшых фільмаў свету. У 1995 годзе Віктар Тураў увайшоў у лік 50 самых вядомых кінематаграфістаў свету, што сведчыць аб высокай ацэнцы творчасці і прафесіяналізму беларускага кінарэжысёра.
У абласным цэнтры на фасадзе кінатэатра «Радзіма» 29 кастрычніка 2003 года была адкрыта памятная дошка Віктару Тураву. У Магілёве ёсць вуліца, названая ў яго гонар. Дні кіно, прысвечаныя беларускаму кінарэжысёру і сцэнарысту, народнаму артысту Беларусі (1979) і СССР (1986), лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР (1984), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996, пасмяротна) праходзяць у горадзе на Дняпры з 2001 года.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 14:27
Магілёўскі абласны драматычны тэатр 25 і 26 жніўня прадставіць прэм’еру спектакля «Гэта ўсё яна»
20.08.2020 - 10:25
Арт-праект «Мастацтва XXI стагоддзя без маскі» адкрыўся ў Магілёве
13.08.2020 - 11:43
Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ адкрые чарговы сезон на свяце ў Бялынічах
12.08.2020 - 14:34
23.07.2020 - 11:21
23.07.2020 - 11:07