Рус Бел Eng 中文

Драўляны аўтамабільны мост адкрылі ў вёсцы Крынка Асіповіцкага раёна

У вёсках Беларусі ваенныя інжынеры штогод узводзяць па 3-4 малыя масты. Пра гэта журналістам паведаміў камандзір 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады палкоўнік Валерый Жураўлёў падчас адкрыцця драўлянага аўтамабільнага моста ў вёсцы Крынка Асіповіцкага раёна.

«Сёлета мы пабудавалі ўжо тры драўляныя нізкаводныя масты ў Віцебскай, Гродзенскай абласцях і тут, у вёсцы Крынка. Яшчэ трэба будзе пабудаваць такую ж пераправу ў Жыткавіцкім раёне. У сярэднім штогод у вёсках Беларусі мы будуем 3-4 малыя масты па просьбах мясцовых выканаўчых уладаў», – сказаў Валерый Жураўлёў.

Ваенныя будуюць малыя масты, якія, як правіла, злучаюць размешчаныя на розных берагах рэк вёскі, бясплатна. «Будаўніцтва драўляных мастоў мы выконваем у межах баявой падрыхтоўкі. Кожныя паўгода да нас прыходзяць новыя вайскоўцы, іх навучанне мы вядзем з нуля. Таму мы не толькі аказваем дапамогу жыхарам вёсак, але і навучаем новае папаўненне ваенных інжынераў», – адзначыў палкоўнік. Грузападымальнасць моста складае 35-40 т. у залежнасці ад умоў надвор’я ён павінен прастаяць 10-15 гадоў. Рака Пціч падзяляе вёску Крынка на дзве часткі: асноўная знаходзіцца на паўночным беразе, а сем двароў размяшчаюцца на паўднёвым. У вёсцы пражываюць як пастаянныя жыхары, так і дачнікі, усяго каля 70 чалавек.

Па словах старшыні Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў Сяргея Сувеева, мост у вёсцы вельмі чакалі. «На паўднёвым беразе ў нас жывуць людзі сталага ўзросту. Ім патрэбна дастаўка прадуктаў, магчымасць выклікаць хуткую дапамогу. Мост у гэтым плане мае больш сацыяльнае значэнне, чым народна-гаспадарчае. Папярэдні мост быў пабудаваны ў 2005 годзе і адслужыў 12 гадоў. Кіраўніцтва раёна звярнулася да міністра абароны Андрэя Раўкова па дапамогу, было атрымана адабрэнне, і вайскоўцы 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады з 26 верасня па 20 кастрычніка пабудавалі нам моцны аўтамабільны мост», – паведаміў Сяргей Сувееў.

Моста ў вёсцы не было каля паўгода, існавала толькі пешаходная пераправа. Аўтатранспарту медыцынскага абслугоўвання і дастаўкі прадуктаў харчавання даводзілася ехаць па кругавой дарозе. Калі ваенныя інжынеры знеслі частку старога пешаходнага моста, мясцовых жыхароў з аднаго берага ракі на іншы вайскоўцы і супрацоўнікі МНС перапраўлялі на лодках.

Яўген Мірановіч жыве ў паўднёвабярэжнай частцы вёскі Крынка ўжо 45 гадоў і апошнія тры гады па стане здароўя не выходзіць за межы двара. «Мост вельмі патрэбны нам. Мне прадукты прывозяць зяць і дачка. Раней ім даводзілася далёка аб’язджаць, каб да мяне патрапіць. Цяпер нас выратуе мост. І хуткай зручна праехаць, мы тут людзі старыя, урач можа спатрэбіцца ў любы час», – сказаў ён.

Мясцовая жыхарка Марыя Кузьміч таксама радуецца новаму мосту. Паўночны бераг яна наведвае часта: то ў прадуктовую краму трэба, то пошта пенсію прывязе. «Апошні месяц людзей на лодках вазілі на той бераг. Я не ездзіла, сядзела дома. Прадукты дзеці прывозілі – аб’язджалі вакол і на лодцы перапраўляліся. Вядома, мост нам вельмі патрэбны. Улетку яшчэ можна па кругавой дарозе аб’ехаць, а зімой? Яе магло занесці, вясной там гразь непралазная, так і сядзелі. А цяпер у любы час можна перайсці, буду да сябровак хадзіць у госці. Дзякуй вайскоўцам», – падзякавала Марыя Кузьміч.

БЕЛТА
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая