Рус Бел Eng 中文

Дваццатая міжрэгіянальная сустрэча воінаў-інтэрнацыяналістаў пройдзе 9 лютага ў Шклове

Дваццатая міжрэгіянальная сустрэча воінаў-інтэрнацыяналістаў Бялыніцкага, Круглянскага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў, прысвечаная 29-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана, пройдзе 9 лютага ў Шклове. Пра гэта паведамілі ў райвыканкаме.

У мерапрыемстве прымуць удзел ветэраны афганскай вайны, родныя і блізкія загінулых, прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады, грамадскасць і моладзь. Урачысты мітынг з ускладаннем кветак і вянкоў пройдзе ля мэмарыяльнага комплексу «Памяць».

Працягнецца сустрэча шэсцем воінаў-інтэрнацыяналістаў па вуліцы Савецкай з партрэтамі загінулых і памерлых братоў па зброі чатырох раёнаў. Ля аўтавакзала запланаваны паказальныя выступленні ваеннаслужачых 103-й асобнай мабільнай брыгады горада Віцебска, а па вуліцы будзе рухацца ваенная тэхніка: бронетранспарцёр і баявая разведвальна-дазорная машына.

У раённым Доме культуры пройдзе ўрачыстае ўшанаванне, узнагароджанне і канцэртная праграма для воінаў-інтэрнацыяналістаў. Акрамя таго, тут арганізуюць фотаэкспазіцыю і выставу асабістых рэчаў воінаў, прадметаў іх захапленняў.

Праграмай сустрэчы таксама прадугледжаны турнір па валейболе і міні-футболе, спаборніцтвы па шматбор’і і інш.

Аналагічныя мерапрыемствы памяці пройдуць 15 лютага ва ўсіх гарадах і раёнах вобласці.

Праз вайну ў Афганістане прайшлі 3,5 тыс. ураджэнцаў рэгіёна, 118 з іх загінулі, 220 засталіся інвалідамі. Амаль 2 тыс. воінаў узнагароджаны за мужнасць і гераізм ордэнамі і медалямі, а выхаванец Магілёўскага сельскага прафтэхвучылішча імя К. П. Арлоўскага (сёння Магілёўскі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К. П. Арлоўскага) Андрэй Мельнікаў пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая