Рус Бел Eng 中文

Дзевяць дыпломаў заваявалі прадстаўнікі Магілёўскай вобласці ў фінале конкурсу прафмайстэрства WorldSkills Belarus 2018

Дзевяць дыпломаў заваявалі прадстаўнікі Магілёўскай вобласці ў фінале III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2018. Пра гэта паведамілі ў вучэбна-метадычным цэнтры прафесійнай адукацыі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

У спаборніцтвах, якія праходзілі з 21 па 24 мая ў Мінску, бралі ўдзел больш за 300 навучэнцаў, студэнтаў, маладых рабочых з усіх рэгіёнаў краіны. Гонар Магілёўскай вобласці адстойвала 38 чалавек у 29 кампетэнцыях. «Усе ўдзельнікі конкурсу змаглі прадэманстраваць дастойны ўзровень майстэрства, – адзначылі суразмоўцы. – Самыя лепшыя з іх удастоены ўзнагарод».

Па выніках форуму на прафесійны Алімп ў васьмі намінацыях ўзышлі 9 прадстаўнікоў Магілёўскай вобласці з пяці ўстаноў адукацыі.

Так, сярод залатых прызёраў WorldSkills Belarus 2018 значацца тры студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. Пераможцам у катэгорыі «Кулінарнае мастацтва» стаў Пётр Ануфрыенка. Найлепшай у кампетэнцыі «Рэстаранны сэрвіс» прызнана Дар’я Ерафеенка, а «Хлебапячэнне» – Таццяна Шчуплякова. Гэтыя маладыя людзі ўдастоены гонару стаць членамі рэспубліканскай зборнай каманды для ўдзелу ў Міжнародным чэмпіянаце Worldskills Kazan 2019.

Дыплом другой ступені ў намінацыі «Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын» заваяваў навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага Юрый Домчаў. У кампетэнцыі «Электрамантаж» срэбра ўдастоены прадстаўнік Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа Пётр Сібараў. Іншыя ўзнагароды прывезлі таксама выхаванцы Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Андрэй Юрэвіч («Сеткавае і сістэмнае адміністраванне») і Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Анастасія Данілава («Кандытарскае мастацтва»).

На трэцюю прыступку п’едэстала падняліся два прадстаўнікі рэгіёна, якія атрымліваюць адукацыю ў Магілёўскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы. Бронзу ў «Візуальным мерчэндайзінгу» заслужыла Таісія Саранчукова. У кампетэнцыі «Кулінарнае мастацтва» дыплом трэцяй ступені ўзяў Дзмітрый Башкіраў.

«Пераможцы і прызёры конкурсу не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Свае ўзнагароды яны ўспрымаюць як чарговы этап прафесійнага росту і будуць імкнуцца дасягнуць новых вяршынь», – падкрэслілі суразмоўцы.

Фота – Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання і вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая