Экспазіцыю «Невядомы Магілёў. Выстава фотаздымкаў 1941-44 гг.» зноў пакажуць у горадзе на Дняпры. Такое рашэнне прыняла адміністрацыя Музея гісторыі Магілёва.
Асноўная частка работ ужо дэманстравалася ў абласным цэнтры ў пачатку 2017 года і выклікала вялікую цікавасць у магіляўчан. На гэты раз экспазіцыю дапоўняць новымі фотаздымкамі.
«Выстава стала вынікам крапатлівай працы па зборы і музеефікацыі відаў горада Магілёва на фотаздымках, зробленых у перыяд Другой сусветнай вайны, – заўважыў дырэктар музея Аляксей Бацюкоў. – Галоўная каштоўнасць гэтых фота заключаецца ў тым, што на іх адлюстравана гісторыя Магілёва падчас акупацыі, а таксама гістарычная архітэктурна-планіровачная структура горада. Тут можна ўбачыць пацярпелыя ад вайны, але яшчэ велічныя магілёўскія храмы, грамадскія будынкі і жылыя дамы».
На выставе будзе прадстаўлена больш за 300 фотаздымкаў. Значную частку з іх сабраў і перадаў музею прыватны калекцыянер Алег Лісоўскі, які пражывае зараз у Германіі. Многія з гэтых фота зроблены нямецкімі салдатамі і афіцэрамі ў перыяд акупацыі Магілёва.
Экспазіцыя адкрыецца 18 кастрычніка ў 11.00 у выставачнай зале музея па вул. Болдзіна, 1. Яна будзе працаваць да 3 снежня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
13.08.2020 - 15:17
29.07.2020 - 12:46
10.07.2020 - 14:16
09.07.2020 - 15:34