Рус Бел Eng 中文

Фестываль «Сенафэст - 2018» пройдзе на Чыгірынскім вадасховішчы 16 чэрвеня

Адкрыты фестываль «Сенафэст - 2018» пройдзе на Чыгірынскім вадасховішчы (Кіраўскі раён) 16 чэрвеня. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў райвыканкаме.

На тэрыторыі свята размесцяцца выставы фігур з сена, традыцыйнага сенакоснага інвентара і сенажатнай культуры з сямейных калекцый, фотаэкспазіцыя «А сена пяшчотна пахне летам!». Тут можна будзе набыць тэматычную сувенірную прадукцыю, прадэгуставаць стравы традыцыйнай беларускай кухні, паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе лялек з сена і саломы.

Цэнтральнае месца ў праграме фестывалю зойме спаборніцкая частка. Удзельнікамі спаборніцтваў па сенакашэнні будуць каманды, якія складаюцца з трох чалавек. Узрост тут мае значэнне: у конкурсе змогуць паспаборнічаць толькі тыя, каму ўжо ёсць 18 гадоў. Косы, граблі, вілы, вастрыльныя брускі трэба захапіць з сабой. Вітаецца наяўнасць адзення, якая адпавядае абраду касьбы.

Конкурс будзе ўключаць тры этапы. «Касьба на хуткасць» пройдзе ў выглядзе эстафеты з перадачай адзін аднаму касы. У «Ювелірнай касьбе» журы ацэніць ўменне працаваць на няроўнай мясцовасці. У цэнтры ўстановяць фігуру, якую трэба абкасіць, не збіўшы. На трэцім этапе спатрэбіцца сабраць сена ў стог за абмежаваны час. Пры гэтым галоўнае – вышыня, акуратнасць і практычнасць.

Ствараць настрой гасцям і ўдзельнікам свята будуць фальклорныя калектывы раёна. Запланавана таксама забаўляльная гульнявая праграма «У гасцях у саламяных чалавечкаў». Усе жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у конкурсе касцюмаў з прыроднага матэрыялу «Карнавал лясных фей» і пляценні вянкоў «Палявое цуда». Завершыць свята дзвюхгадзінная дыскатэка.

Упершыню адкрыты фестываль «Сенафэст» прайшоў у Кіраўскім раёне ў 2017 годзе. Улічваючы павышаную цікавасць да свята, было прынята рашэнне зрабіць яго штогадовым.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кіраўскага райвыканкама, Цэнтралізаваная клубная сістэма Кіраўскага раёна пры падтрымцы Стайкаўскага сельскага выканаўчага камітэта, аддзела адукацыі, спорту і турызму Кіраўскага райвыканкама, іншых арганізацый і ўстаноў раёна.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая