Рус Бел Eng 中文

Фотаальбом аб Вітольдзе Бялыніцкім-Бірулі прэзентуюць на фестывалі ў Александрыі

Прэзентацыя кнігі-фотаальбома «Я хадзіў па роднай беларускай землі. Я быў шчаслівы...», якая выйшла ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», адбудзецца на свяце «Купалле» ў Александрыі, паведаміў дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч.

Пазней фотаальбом будзе прэзентаваны на малой радзіме мастака ў Бялынічах у раённым музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі і ў Музеі В. К. Бялыніцкага-Бірулі – філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. «Гэтая кніга – своеасаблівая спроба выдавецтва ў Год малой радзімы праз працы і ўспаміны мастака, а таксама лірычныя замалёўкі, прадстаўленыя вершамі беларускіх і рускіх паэтаў, спасцігнуць унутраны свет беларускага майстра, паказаць любоў чалавека да сваёй зямлі, якая сілкуе кожнага з нас духоўнай сілай і мудрасцю», – сказаў Уладзімір Андрыевіч.

Беларусь багатая на шматлікія імёны вядомых навукоўцаў, дзеячаў культуры і мастацтва, сярод якіх і Вітольд Бялыніцкі-Біруля– жывапісец, адзначаны Богам высокім талентам. Ён нарадзіўся на Магілёўшчыне, у сядзібе Крынкі каля Бялынічаў, у сілу розных абставінаў вымушаны быў жыць і працаваць у Расіі. Але да апошняй хвіліны душою і думкамі імкнуўся на малую радзіму, якая яго выхавала і вывела на сусветна вядомую сцежку мастацтва. Гэта ён аднойчы, прыехаўшы на родную зямлю, напісаў: «У кожнага чалавека ёсць радзіма. Яна жыве ў сэрцы, у думках. Можна разлюбіць нявесту, жонку, але разлюбіць радзіму – жудасна, немагчыма... Была вясна. Я хадзіў па роднай беларускай зямлі. Я быў шчаслівы».

Творчая спадчына Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі вялікая. Мастак – аўтар каля дзвюх тысяч твораў, многія з якіх знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях свету. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваецца самая значная калекцыя – 460 карцін і эцюдаў.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая