Рус Бел Eng 中文

Ганаровае Консульства Рэспублікі Казахстан па Магілёве і Магілёўскай вобласці адкрылі ў горадзе на Дняпры

Ганаровае Консульства Рэспублікі Казахстан па Магілёве і Магілёўскай вобласці адкрылі сёння ў горадзе на Дняпры. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Ермухамет Ертысбаеў і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, паведамляе карэспандэнт сайта.

Асноўнай задачай консульства будзе наладжванне гандлёва-эканамічнага і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі.

Невыпадкова консульства размясцілася ў сталіцы Магілёўскай вобласці. Рэгіён з’яўляецца буйным партнёрам Казахстана. «Мы супрацоўнічаем не толькі ў мясной і малочнай прамысловасці, машынабудаванні, але і іншых галінах эканомікі. Пабрацімскія сувязі ўсталяваны паміж Магілёўскай і Паўднёва-Казахстанскай абласцямі, а горад Сямей і Магілёў звязваюць партнёрскія адносіны. Акрамя таго, на тэрыторыі рэгіёна цяпер пражывае звыш 400 нашых грамадзян», – адзначыў Ермухамет Ертысбаеў.

У сваю чаргу Уладзімір Даманеўскі звярнуў увагу, што Казахстан і Магілёўскую вобласць звязваюць моцныя эканамічныя адносіны. «Па выніках працы за мінулы перыяд 2018 года мы павялічылі знешнегандлёвы абарот на 57% да аналагічнага ўзроўню 2017 года, у вартасным выражэнні гэта $82,8 млн. Калі паглядзець на тэмпы прыросту імпарту з Казахстана ў вобласць, то ён складае $14 млн. (прырост парадку 51%). У той жа час наш экспарт у дружалюбную краіну павялічыўся на 57%. Мы гандлюем не толькі прадуктамі харчавання. Добра прадстаўлена ў Казахстане прадукцыя «Бабруйскаграмаша», «Белшыны» і шэрагу іншых прадпрыемстваў. У цяперашні час у рэгіёне дзейнічаюць чатыры суб’екты гаспадарання з удзелам італьянскага капіталу, – падкрэсліў губернатар. – Хоць адлегласць паміж намі немалая, Казахстан блізкі нам і дарагі, таму што нас аб’ядноўваюць агульная гісторыя, многія погляды на тое, што адбываецца ў свеце». 

Уладзімір Даманеўскі выказаў упэўненасць у тым, што Ганаровае Консульства пасадзейнічае ўмацаванню супрацоўніцтва Магілёўскай вобласці з Казахстанам і запэўніў ва ўсебаковай падтрымцы і садзейнічанні мясцовай выканаўчай улады.

Ганаровым консулам Рэспублікі Казахстан па Магілёве і Магілёўскай вобласці прызначаны Сяргей Дземяшкевіч. З 2005 года ён мае від на жыхарства ў Рэспубліцы Казахстан, а пражывае ў сталіцы Беларусі. З’яўляецца ўладальнікам і дырэктарам кампаніі ТАА «Гандлёвы дом «Керамін Астана»», уладальнікам кампаніі «Керамір» (Астана). З 2008 года – намеснік старшыні і генеральны сакратар Беларускай федэрацыі барацьбы.

Пры разглядзе горада для адкрыцця Ганаровага консульства не апошнюю ролю адыграў эмацыйны фактар, заўважыў Сяргей Дземяшкевіч. «На Магілёўшчыне прайшло маё дзяцінства, – адзначыў ён. – Гэта родны рэгіён, вельмі яго люблю. Спадзяюся, што з дапамогай усіх сяброў, людзей, якія сёння прысутнічалі на адкрыцці, наша справа па развіцці ўзаемаадносін чакае поспех. Акрамя эканамічных пытанняў, у пабудове партнёрства немалаважны фактар – культурныя і гуманітарныя сувязі. Без развіцця ўсіх гэтых маленькіх нітачак складана сфарміраваць адзіную карціну супрацоўніцтва».

У сувязі з адкрыццём Ганаровага консульства да 1 студзеня Магілёўскі аблвыканкам распрацуе асобны План мерапрыемстваў па развіцці ўзаемаадносін паміж Казахстанам і нашай вобласцю на 2019 год, паведаміў карэспандэнту сайта намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Павел Марыненка. «Задача консульства – прааналізаваць таварна-сыравінныя групы, планы міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, каб унесці канкрэтыку на наступны год, а па яго выніках атрымаць добрыя вынікі, кардынальныя змены ў тавараабароце», – канстатаваў суразмоўца.

Консульства па Магілёве і Магілёўскай вобласці – другое ў Беларусі (яшчэ адно размяшчаецца ў Брэсце). Яно працуе па адрасе: Праспект Міру, 32, офіс 104. Тут з аўторка па чацвер з 14.00 да 18.00 прыём будзе весці памочнік ганаровага консула Кацярына Віктараўна Сарвірава.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая