Рус Бел Eng 中文

Гарачыя выхадныя ў Магілёўскай вобласці: адбылося 12 пажараў

Гарачымі выдаліся мінулыя выхадныя ў Магілёўскай вобласці. У рэгіёне адбылося 12 пажараў, на якіх адзін чалавек загінуў, як паведаміла карэспандэнту сайта старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Непатушаная цыгарэта стала апошняй для 64-гадовага пенсіянера, які праводзіў восень на дачы ў садовым таварыстве «Тэкстыльшчык-Ліпаўка» Быхаўскага раёна. Пажар адбыўся ўначы 22 кастрычніка. Да прыбыцця ратавальнікаў мясцовыя жыхары выцягнулі з палаючага дома гаспадара, але, на жаль, усе рэанімацыйныя дзеянні былі марныя – мужчына загінуў. Агонь спапяліў і дачу.

Сур’ёзнай небяспецы падвергнуў сваё жыццё і жыццё суседзяў жыхар в. Андраны Мсціслаўскага раёна. 22 кастрычніка днём у службу МНС патэлефанавалі жыхары двухпавярховага жылога дома па вул. Якавенкі – гарэла трохпакаёвая кватэра на другім паверсе, якая належыць 59-гадоваму мужчыне. Выратавальнікі ў моцна задымленым памяшканні на падлозе ў пярэднім пакоі выявілі і эвакуявалі гаспадара. З дыягназам «апёк 5% цела (твар), алкагольнае ап’яненне» ён быў шпіталізаваны. Паводле папярэдніх дадзеных ва ўзнікненні гэтага пажару прасочваецца цыгарэтны след.

Акрамя таго, траім жыхарам Магілёўшчыны спатрэбілася тэхнічная дапамога падраздзяленняў МНС.

Так, 21 кастрычніка каля 6 гадзін вечара з-за неасцярожнасці ў пітны калодзеж глыбінёй 4 метры, які знаходзіцца на тэрыторыі прыватнага домаўладання, звалілася 73-гадовая жыхарка горада Касцюковічы. Самастойна выбрацца з бетоннага капкана яна не змагла і стала клікаць на дапамогу. Яе крыкі пачуў муж, які і паведаміў пра здарэнне ў станцыю ХМП і службу МНС. Выратавальнікі з дапамогай апушчанай ў калодзеж лесвіцы-штурмоўкі выратавалі пенсіянерку. Жанчына з дыягназам «агульнае пераахалоджванне» шпіталізавана.

Больш сур’ёзныя траўмы атрымаў 61-гадовы жыхар Круглага. Увечары 21 кастрычніка пенсіянер, закачваючы ровар у хлеў, не заўважыў адсутнасці вечка склепа. Наступствы падзення сумныя: пералом шыйкі сцягна і доўгае лячэнне. Са склепа пенсіянера даставалі выратавальнікі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая