Ужо 15 беларускіх гарадоў зарэгістраваліся як удзельнікі Еўрапейскага тыдня мабільнасці – 2018 (ЕТМ – 2018), арганізатары разлічваюць пабіць леташні рэкорд. Пра гэта паведаміла кіраўнік праекта ПРААН/ГЭФ «Беларусь: Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі» Ірына Усава на сустрэчы прадстаўнікоў адміністрацый гарадоў Беларусі, якія падтрымаюць правядзенне ЕТМ з 16 па 22 верасня.
«Наш праект традыцыйна падтрымлівае правядзенне ў Беларусі Еўрапейскага тыдня мабільнасці. І сёння на рабочай сустрэчы прадстаўнікі адміністрацый гарадоў, якія ўжо далучыліся да ініцыятывы раней, падзеляцца сваім вопытам, раскажуць аб цяжкасцях, з якімі сутыкнуліся пры арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, каб пачаткоўцам было прасцей, а таксама каб выпрацаваць новыя цікавыя прапановы, ініцыятывы, – заўважыла Ірына Усава. – Беларусь актыўна прырастае колькасцю афіцыйных удзельнікаў: за тры гады колькасць населеных пунктаў, якія далучыліся да ЕТМ вырасла з 3 да 48. Колькі іх будзе ў гэтым годзе, пакуль сказаць цяжка – рэгістрацыя на сайце ЕТМ працягнецца да 16 верасня. Але ўжо цяпер зарэгістравалася 15 гарадоў, і мы спадзяёмся пабіць леташні рэкорд». У ліку зарэгістраваных – тры з Магілёўскай вобласці. Гэта Чавусы, Чэрыкаў і Крычаў.
Мінулы год стаў рэкордным па агульнай колькасці ўдзельнікаў у свеце – каля 2,5 тыс. гарадоў і населеных пунктаў з 50 краін. Мэтай кампаніі з’яўляецца забеспячэнне ўстойлівай мабільнасці насельніцтва гарадоў, якая павінна грунтавацца перш за ўсе на развіцці транспарту агульнага карыстання і стварэнні камфортных і бяспечных умоў для пешаходаў і веласіпедыстаў. «Але мабільнасць – гэта не толькі развіццё веларуху і запаволенне аўтамабілізацыі, але і камфорт руху (пешшу і на транспарце), даступнасць аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры і падобных, развіццё грамадскіх прастор. Усе гэтыя мерапрыемствы нацэлены на паляпшэнне якасці жыцця людзей, скарачэнне выкідаў парніковых газаў і забруджвальных рэчываў ад транспарту», – адзначыла Ірына Усава.
Удзельнічаць у Еўрапейскім тыдні мабільнасці можна ў трох катэгорыях. У першай дастаткова арганізаваць мерапрыемствы на працягу самога тыдня (велапрабег, устаноўка велапаркоўкі, адукацыйная сустрэча і г. д.). Другая прадугледжвае рэалізацыю пастаянных мер. «Напрыклад, Полацк і Наваполацк па нашым праекце ПРААН/ГЭФ распрацоўваюць план устойлівай гарадской мабільнасці і падчас гэтага тыдня могуць праводзіць даследаванні і маніторынгі, мерапрыемствы па фарміраванні доўгатэрміновых планаў і г. д.», – патлумачыла Ірына Усава. З трэцяй катэгорыяй беларускія гарады знаёмыя лепш за ўсё – гэта акцыя «Сусветны дзень без аўтамабіля», якая праходзіць 22 верасня пад дэвізам «Горад як прастора для людзей, прастора для жыцця». Дарэчы, у 2017 годзе палова беларускіх гарадоў – удзельнікаў ЕТМ – узяла на сябе павышаныя абавязацельствы і зарэгістравалася на афіцыйным сайце ініцыятывы ва ўсіх трох катэгорыях.
Тэма ЕТМ – 2018 пазначана як Mix and Move («Выбірай і рухайся!») Арганізатары кампаніі прапануюць сфакусавацца на мультымадальнасці – выкарыстанні розных рэжымаў для розных паездак. Гаворка ідзе пра змешаныя і камбінаваныя перавозкі, калі з пункта А ў пункт Б можна дабрацца рознымі відамі транспарту, чаргуючы іх або перамяшчаючы адзін на адным (веласіпед у вагоне метро, напрыклад).
«Для гарадоў і населеных пунктаў Беларусі ўдзел у ЕТМ – выдатная магчымасць падключыцца да еўрапейскіх інструментаў кіравання мабільнасцю, а таксама стаць больш прыкметнымі на міжнародным узроўні. Яны паляпшаюць імідж Беларусі, паказваючы прыхільнасць Мэтам ўстойлівага развіцця», – дадала суразмоўца. Сапраўды, дзве з мэтаў Парадку-2030 асабліва цесна звязаны з транспартам і мабільнасцю: №3 (скарачэнне ўдвая колькасці смерцяў і траўмаў ад ДТЗ, павышэнне на ўсіх відах транспарту асабістай бяспекі пасажыраў) і №11 (да 2030 года арганізаваць доступ насельніцтва да бяспечных і ўстойлівых транспартных сістэм, перш за ўсё шляхам паляпшэння працы грамадскага транспарту, яго прыстасаванасці для людзей з інваліднасцю).
Праект ПРААН/ГЭФ «Беларусь: Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам, з’яўляецца інфармацыйным каардынатарам кампаніі Еўрапейскі тыдзень мабільнасці, якая праходзіць у Беларусі пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Па матэрыяле БЕЛТА
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59