Рус Бел Eng 中文

Генеральным дырэктарам БЕЛТА прызначана Ірына Акуловіч

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў Ірыну Акуловіч генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускае тэлеграфнае агенцтва».

«Калі будуць нейкія праблемныя пытанні і іншае, Вы з Прэзідэнтам часта будзеце сутыкацца. Вы скажыце напрамую або праз прэс-сакратара, кіраўніка Адміністрацыі. Але хацелася б, каб Вы не проста падтрымалі той трэнд, які быў зададзены Жукам (папярэднім генеральным дырэктарам БЕЛТА Дзмітрыем Жукам. – Заўв. БЕЛТА) да Вас, але каб мы яшчэ на прыступку падняліся вышэй. Думаю, у Вас атрымаецца. І добра, што вы прыйшлі знізу. Гэта вельмі добра. Вы гэты нерв народны адчуваеце вастрэй, чым нават я, хоць пастаянна сутыкаюся з людзьмі», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Не скажу, што гэта ўжо такая цяжкая ў Вас ноша. Хацелася б, каб гэта быў нейкі чарговы этап, каб, шчыра Вам скажу, мы паглядзелі на вашу працу тут, таму што ў Магілёве – гэта адно. А калі трапляеш сюды – зусім іншае, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Тым больш, гэта сродак масавай інфармацыі. І крытыкі будзе тут зараз... Вы пачуеце тое, што пра сябе раней не ведалі. Гэта трэба спакойна ўспрымаць».

«Палітыку дзяржавы і Прэзідэнта вы ведаеце. Калі ідзяце на гэтую пасаду, значыць, падтрымліваеце яе. І справа тут не ў Прэзідэнце, а ў той палітыцы, якую мы павінны ўжо з Вамі разам з сённяшняга дня ажыццяўляць, каб захаваць краіну, яе незалежнасць і суверэнітэт. Зрабіць так, каб гэта была наша зямля, нашых дзяцей і нашых унукаў, усіх тых, хто сёння на ёй жыве», – дадаў беларускі лідар.

Акуловіч Ірына Барысаўна нарадзілася ў 1974 годзе ў Магілёве. Скончыла Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. А. Куляшова.

Выбрана членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага склікання ад Магілёўскай вобласці. З’яўляецца членам Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.

Раней Ірына Акуловіч працавала на розных пасадах у Магілёўскім абласным тэлерадыёаб’яднанні, прайшла шлях ад уласнага карэспандэнта да загадчыка карэспандэнцкага пункта ў Магілёве Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі.

З 2009 года да гэтага часу працавала дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства радыётэлецэнтра «Тэлерадыёкампанія «Магілёў».

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая