Моладзевы форум Беларусі і Расіі – унікальная інтэрактыўная пляцоўка для зносін і абмену вопытам па самых актуальных пытаннях сучаснасці. Такое меркаванне выказаў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка на адкрыцці форума «Моладзь – за Саюзную дзяржаву», які праходзіць у Магілёве ў межах V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт сайта.

Паводле слоў Ігара Карпенкі, у такіх мерапрыемствах выяўляецца імкненне моладзі дзвюх краін быць правадніком ідэй Саюзнай дзяржавы, крэатыўна ўкараняць сучасныя інавацыйныя праекты ў розных сферах дзяржаўнага і грамадскага развіцця.

«Маладым людзям усё часцей даводзіцца сутыкацца з выклікамі, якія дыктуе сучасны свет, – адзначыў міністр адукацыі. – Менавіта таму вельмі важна шанаваць і ўмацоўваць брацкія беларуска-расійскія стасункі, якія сыходзяць каранямі ў агульную гісторыю славянскіх народаў, а традыцыі беражліва перадаюцца з пакалення ў пакаленне».

Аб’яднаная імкненнем дамагчыся поспеху, захопленая сваёй справай, моладзь з’яўляецца той стваральнай сілай, якая будуе і развівае Саюзную дзяржаву, спрыяе дынамічнаму развіццю і росквіту дзвюх краін, падкрэсліў Ігар Карпенка. «Я лічу асабліва важным прадэманстраваць на цяперашнім форуме адзінае імкненне моладзі да супрацоўніцтва на шляху да дасягнення агульных мэтаў. Наглядна паказаць усім, якія важныя мір і паразуменне, традыцыйныя маральныя каштоўнасці, сяброўства і гасціннасць, грамадская стабільнасць і ўзаемная згода, а раз’яднанасць, варожасць і недавер нараджаюць агрэсію і страх перад будучыняй», – сказаў міністр адукацыі.

На яго думку, сёння, калі ў свеце існуюць шматлікія пагрозы – палітычныя, інфармацыйныя, эканамічныя і нават ваенныя, такія сустрэчы адыгрываюць асаблівую ролю для стабільнасці ў грамадстве і сусветным суіснаванні. «Сваім стаўленнем да саюзнага будаўніцтва моладзь ужо сёння закладвае асновы яго будучага. Мы цэнім вашы здольнасці і актыўную жыццёвую пазіцыю, настроенасць на патрэбныя і важныя для нашай дзяржавы справы», – канстатаваў Ігар Карпенка.

Ён дадаў, што ў Беларусі назапашаны станоўчы вопыт працы з моладдзю, створана сістэма дапамогі маладых людзей: ад атрымання самай запатрабаванай і прэстыжнай адукацыі да гарантаванага працаўладкавання і рэальнага садзейнічання маладым сем’ям. У краіне дзейнічае эфектыўная заканадаўчая база, якая рэгулюе пытанні дзяржаўнай моладзевай палітыкі. Удзел маладых людзей у жыцці грамадства рэалізуецца праз дзейнасць розных грамадскіх аб’яднанняў, якая накіравана на задавальненне і абарону сацыяльна-эканамічных, творчых, духоўных інтарэсаў, развіццё асобы, фарміраванне пазітыўных каштоўнасцяў і поглядаў.

Ігар Карпенка заўважыў, што сёння ў Рэспубліцы актыўна развіваецца моладзевы парламентарызм. Члены дзіцячых і моладзевых парламентаў прымаюць удзел у пасяджэннях выканаўчых камітэтаў, сесіях мясцовых Саветаў дэпутатаў, уносяць прапановы па ўдасканаленні нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнай моладзевай палітыкі, праводзяць сацыяльна значныя мерапрыемствы. Гэта дазваляе прыцягваць хлопцаў і дзяўчат да працэсу прыняцця важных дзяржаўных рашэнняў, спрыяе эфектыўнай сацыялізацыі маладых людзей.

Актуальны ў моладзевым асяроддзі і валанцёрскі рух. У мінулым годзе быў адкрыты рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр, які дазволіў скаардынаваць работу грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый па развіцці валанцёрскага руху ў Беларусі, уцягнуць у яго больш за 54 тыс. навучэнцаў і студэнтаў.
Новай формай удзелу беларускай моладзі ў грамадскім жыцці краіны выступае дзейнасць грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, дзе міністры, рэктары ВНУ маюць непасрэдныя зносіны з прадстаўнікамі студэнцкай супольнасці, абмяркоўваюць актуальныя пытанні развіцця сучаснай прафесійнай адукацыі, моладзевага прадпрымальніцтва, праблемы здароўя і фізічнага развіцця.

«У Беларусі створаны ўсе ўмовы для паспяховай сацыялізацыі маладога чалавека ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, – падкрэсліў Ігар Карпенка. – Я перакананы, што форум будзе добрай пляцоўкай для абмену вопытам, выпрацоўкі змястоўных і цікавых ідэй, паспрыяе развіццю пазітыўных тэндэнцый у моладзевым асяроддзі, росту духоўнага патэнцыялу, прадпрымальніцкай і творчай ініцыятывы».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
17.08.2020 - 11:34
24.07.2020 - 08:59
17.07.2020 - 11:49
Моладзевы цягнік «#Беларусь. Моладзь. Натхненне» заедзе 19 ліпеня ў Шклоў і Магілёў
08.07.2020 - 12:16
Пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Уладар вёскі» стала сям’я з Шклоўскага раёна
26.06.2020 - 10:55
Мерапрыемствы да Дня моладзі пройдуць ва ўсіх гарадах і раёнах Магілёўскай вобласці
19.06.2020 - 10:31