Шырокае ўзаемадзеянне прамысловасці, малога бізнесу і навукі дазваляе атрымаць максімальны сінергетычны эфект ва ўсім ланцужку стварэння дабаўленага кошту. На гэта звярнуў увагу старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, адкрываючы сёння міжрэгіянальны бізнес-форум «Кааперацыя вытворчасці, бізнесу і навукі: поспехі, праблемы, перспектывы», перадае карэспандэнт сайта.

Прамысловы комплекс аказвае найбольш істотны ўплыў на развіццё рэгіёна, у тым ліку на фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту, паколькі ён забяспечвае каля 35% усяго дабаўленага кошту вобласці, падкрэсліў Руслан Страхар. Для параўнання сельская гаспадарка займае толькі 13%, будаўнічы комплекс і гандаль разам – 12,9%.
Пры гэтым трэці год запар назіраецца станоўчая дынаміка развіцця прамысловай галіны. Па выніках 9 месяцаў 2018 года індэкс прамысловай вытворчасці склаў 104%, па выніках 2017-га – 105,7%.
Прамысловы комплекс забяспечвае звыш 90%, гэта значыць практычна ўвесь аб’ём экспарту тавараў рэгіёна. Захаванню станоўчых тэмпаў росту прамысловай вытворчасці спрыяла стварэнне і далейшае развіццё прыватных кампаній. Іх удзельная вага ў абласных аб’ёмах павялічылася з 13% у 2015 годзе да 21,6% у бягучым. І гэта толькі за няпоўныя 4 гады, калі параўнаць за мінулыя 6-7 гадоў, то прырост яшчэ больш адчувальны.

Паводле слоў старшыні камітэта эканомікі, пэўная заслуга ў гэтым належыць прамысловай кааперацыі. Такое ўзаемадзеянне, з аднаго боку, кампенсуе недахоп пэўных рэсурсаў на канкрэтным прадпрыемстве, з другога – дазваляе знізіць выдаткі на вытворчасць прадукцыі за кошт куплі тых ці іншых камплектавальных па больш нізкай цане. «Пры ажыццяўленні кааперацыі прамысловых прадпрыемстваў вырашаецца задача максімальна эфектыўнага выкарыстання патэнцыялу кожнай вытворчасці, – адзначыў Руслан Страхар. – Такім чынам, мэтай любой формы кааперацыі з’яўляецца рост вартасных параметраў дзейнасці ўсіх яе ўдзельнікаў».
Асноўныя формы кааперацыйных аб’яднанняў – гэта аўтсорсінг, субкантрактацыя, франчайзінг. Таксама сюды можна аднесці такія структуры, як бізнес-інкубатары, тэхнапаркі, якія прызначаны для знешняй падтрымкі развіцця малога і сярэдняга бізнесу. «Стымуляванне кааперавання малых прадпрыемстваў як паміж сабой, так і з буйнымі прадпрыемствамі – гэта важны складнік дзяржаўнай і карпаратыўнай палітыкі», – падкрэсліў Руслан Страхар.

У Магілёўскай вобласці ўжо ёсць удалыя прыклады вытворчай кааперацыі, якая выяўляецца ў той ці іншай форме. Такія кампаніі, як «Тэхналіт», «БАРРО» «КУВО», «Спецліт», «Стрым», «Дазатар-плюс» і шэраг іншых паспяхова супрацоўнічаюць з буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі ў рэгіёне, Беларусі і за яе межамі. «Аднак лічу, што такіх прыкладаў магло б быць нашмат больш, – сказаў Руслан Страхар. – Таму пераканаўча заклікаю ўвесь прамысловы комплекс больш актыўна супрацоўнічаць з малым бізнесам Прыдняпроўскага краю. Гэта той рэзерв, які здольны даць рост эканомікі нашага рэгіёна».

Іншы рэзерв выцякае з аналізу знешнеэканамічнай дзейнасці прадпрыемстваў вобласці, які паказвае наяўнасць вялікай удзельнай вагі прамежкавага імпарту, канстатаваў старшыня камітэта эканомікі. Так, у 2017 годзе аб’ём гэтага імпарту склаў $ 983 млн або 82,4% ад агульнага аб’ёму ўвезеных тавараў. За дзевяць месяцаў 2018-га ўвезена такіх тавараў і сыравіны ўжо на $777 млн. «Безумоўна, увезеная сыравіна, матэрыялы, камплектавальныя неабходныя для працэсу вытворчасці. Разам з тым, сёння ёсць прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу, якія гатовы рабіць усё неабходнае для прамысловых вытворчасцяў», – заўважыў Руслан Страхар.
Напрыклад, стварэнне прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду ў СЭЗ «Магілёў» дазволіць такому гіганту, як «Белшына», закупляць яго ў кампаніі «Омск Карбон Магілёў». А пакуль імпарт тэхнічнага вугляроду толькі за 9 месяцаў склаў больш за $20 млн. Падобная сітуацыя з імпартам мэблевай фурнітуры, у сувязі з чым на базе свабоднай эканамічнай зоны вобласць прапануе інвестарам стварыць адпаведную вытворчасць. І такіх прыкладаў шмат. Так, за 9 месяцаў вобласцю імпартавана паперы, картона і тары для ўпакоўкі мэблі на суму больш за $ 21 млн. І тут напрошваецца кааперацыя паміж «ВМГ Індустры», «Заводам газетнай паперы» і «Папяровай фабрыкай «Спартак». Пластмасавую тару завезлі на $ 10,5 млн. Гэта патэнцыял паміж «Данон Шклоў» і «Джакей Пластык Магілёў».
Руслан Страхар адзначыў, што з году ў год у вобласці праводзіцца работа па арганізацыі вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі. За 9 месяцаў 2017 года аб’ём яе вытворчасці склаў амаль $470 млн. Прычым 70% ад агульнага аб’ёму выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі выраблена арганізацыямі малога і сярэдняга бізнесу (з ростам 22,7% да мінулага года). Такім чынам, каб наладзіць двухбаковае супрацоўніцтва буйным прадпрыемствам неабходна звярнуць на іх увагу і «ўбудоўваць» у свае тэхналагічныя ланцужкі.

Дапамогу ў гэтым кірунку павінны аказваць Цэнтр трансферу тэхналогій сумесна з Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, якія дзейнічаюць у вобласці. Велізарны патэнцыял крыецца ў задзейнічанні ў гэтым ланцужку навуковых арганізацый і ВНУ.
«Сёння навука з’яўляецца важным рэсурсам беларускай эканомікі. Яе развіццё павінна ісці ў нагу з мадэрнізацыяй эканомікі, назапашваючы і ўзмацняючы яе канкурэнтныя перавагі на ўнутраным і знешнім рынках. Нам неабходна забяспечыць рэальнае ўзаемадзеянне навукі, вытворчасці і адукацыі, – адзначыў Руслан Страхар. – Таму эфектыўнае выкарыстанне вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак, развіццё інавацыйнай дзейнасці з’яўляюцца найважнейшай умовай забеспячэння высокага эканамічнага росту, паспяховай канкурэнтаздольнасці айчыннай эканомікі на сусветных рынках».
Магілёўская вобласць валодае значным навукова-тэхнічным патэнцыялам. Даследаванні і распрацоўкі выконваюцца вядучымі навуковымі арганізацыямі і ўстановамі рэгіёна: гэта Інстытут тэхналогіі металаў НАН Беларусі, Беларуска-расійскі ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання і ўніверсітэт імя А. А. Куляшова, у якіх працуе 703 кандыдаты навук і 80 дактароў навук.

Дзейснай мерай дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемстваў у гэтым кірунку служыць інавацыйны фонд аблвыканкама, нагадаў Руслан Страхар. Сёння існуе магчымасць прафінансаваць за кошт яго сродкаў не толькі рэалізацыю інавацыйных праектаў (гэта значыць працэс арганізацыі вытворчасці інавацыйнай прадукцыі), але і выкананне навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ, якія забяспечваюць стварэнне новай прадукцыі, тэхналогій і паслуг для Беларусі. Акрамя таго, у вобласці прынята рэгіянальная НТПраграма. Таму прадпрыемства, зацікаўленае ў правядзенні навукова-даследчых работ, знайшоўшы навуковую арганізацыю, якая гатовая іх выканаць, можа звярнуцца ў камітэт эканомікі аблвыканкама на фінансаванне гэтых работ. Аблвыканкам прафінансуе НДВКП, а прадпрыемства бярэ на сябе абавязак выпускаць новую прадукцыю на працягу пэўнага прамежку часу або выкарыстоўваць новую тэхналогію ў вытворчасці. Пакуль заявак адзінкі.
«Сённяшняе мерапрыемства накіравана на пошук тых пунктаў росту, якія ляжаць на паверхні і могуць быць выкарыстаны з дапамогай існуючых механізмаў у нашай краіне, – канстатаваў Руслан Страхар. – Мы чакаем, што многія людзі, якія маюць творчы патэнцыял, атрымаюць выдатную магчымасць убачыць перспектыву развіцця і рэалізацыі сваіх здольнасцяў, уключэння ў працэсы інавацыйных пераўтварэнняў у эканоміцы і сацыяльнай сферы».

Ва ўмовах інфармацыйнага развіцця і пабудовы лічбавай эканомікі пытанні канкурэнцыі выходзяць за межы пэўнай дзяржавы і прымаюць умовы сусветнага маштабу. І для таго, каб выстаяць у эканамічнай барацьбе, неабходна мець пэўныя фінансавыя інструменты дзяржаўнай падтрымкі. У нашай краіне падобную дапамогу аказвае Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, які ажыццяўляе сваю дзейнасць ужо больш за 26 гадоў. Яго генеральны дырэктар Пётр Арушаньянц расказаў удзельнікам форуму пра крытэрыі, паводле якіх прымаецца рашэнне аб аказанні дапамогі таму ці іншаму праекту. У ліку прыярытэтных момантаў – накіраванасць на стварэнне вытворчасці або яго развіццё, арганізацыя выпуску экспартнаарыентаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыі, укараненне новых тэхналогій.

Міжрэгіянальны бізнес-форум «Кааперацыя вытворчасці, бізнесу і навукі: поспехі, праблемы, перспектывы» праходзіць у Магілёўскай вобласці ў межах Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі. У мерапрыемстве прымае ўдзел больш за 100 кампаній рэгіёна, якія прадстаўляюць розныя напрамкі – ад сельскай гаспадаркі і лёгкай прамысловасці да IT і станкабудавання. Галоўная задача дыялогу – пошук новых магчымасцяў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж буйным і малым бізнесам Магілёўскага рэгіёна.
Праграма форума ўключала пленарную дыскусію, дзе з прэзентацыямі прадукцыі, работ, паслуг, распрацовак, прапанаваных для развіцця кааперацыйнага супрацоўніцтва, выступілі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Яе ганаровымі гасцямі сталі генеральны дырэктар Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Віктар Красоўскі і начальнік Цэнтра менеджменту якасці адукацыйнай дзейнасці ДУВПА «Беларуска-Расійскі ўніверсітэт» Алег Лявоненка. Часткай форума з’яўлялася кантактна-кааперацыйная біржа дзелавых кантактаў, якая ўключае дэманстрацыю інавацыйных распрацовак, якія маюць высокі патэнцыял для камерцыялізацыі, пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва, наведванне прадпрыемстваў Магілёва.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:35
19.08.2020 - 15:25
18.08.2020 - 20:45
У Магілёве прайшоў мітынг у падтрымку міру, бяспекі і спакою. Відэа
18.08.2020 - 14:02
COVIND-19 і другая хваля: калі чакаць? Адказвае эпідэміёлаг Ірына Бас
17.08.2020 - 11:28
14.08.2020 - 16:43
ЦВК зацвердзіла вынікі выбараў: Прэзідэнтам выбраны Аляксандр Лукашэнка