Рус Бел Eng 中文

Каля 17 тыс. дрэў высадзяць прафсаюзы Магілёўскай вобласці ў межах рэспубліканскага суботніка

Каля 17 тыс. дрэў высадзяць прафсаюзныя работнікі Магілёўскай вобласці ў межах рэспубліканскага суботніка. 21 красавіка яны будуць працаваць на ўчастку ў 2,4 га ў лясным масіве, размешчаным за 30 км ад Магілёва па напрамку да Бабруйска.

У працоўным мерапрыемстве прымуць удзел больш за 40 чалавек – прадстаўнікоў Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў і абласных арганізацый галіновых прафсаюзаў. Матэрыялы да пасадкі – маладыя елкі – прадаставіць Магілёўскі лясгас.

«Прафсаюзныя работнікі штогод прымаюць удзел у рэспубліканскім суботніку, – адзначыла намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Людміла Старасціна. – На гэты раз дата яго правядзення супала з завяршэннем маштабнай рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу». Менавіта таму мы вырашылі правесці суботнік пасадкай дрэў і ўнесці свой пасільны ўклад у добраўпарадкаванне малой радзімы».

Прафсаюзы вобласці будуць таксама працаваць над добраўпарадкаваннем воінскіх пахаванняў, мемарыяльных комплексаў, брацкіх магіл. Напрыклад, спецыялісты абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК прывядуць у парадак памятны знак «Воін і партызанка»ў вёсцы Мікалаеўка-2 Магілёўскага раёна.

Удзел у суботніку прыме каля 300 тыс. жыхароў Магілёўшчыны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая