Каманда Магілёўскай вобласці – пераможца рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства сярод вадзіцеляў хуткай дапамогі. Другое месца – за камандай Мінскай вобласці, трэцяе – за прадстаўнікамі Брэстчыны. Пераможцаў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства вадзіцеляў санітарнага транспарту «Беларускі майстар – 2018» выбіралі з 16 экіпажаў у складзе 8 каманд устаноў аховы здароўя з усёй рэспублікі. Журы размеркавала месцы як у агульнакамандным, так і ў асабістым заліках.

Па словах намесніка старшыні рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Наталлі Літвіненкі, конкурс прафмайстэрства сярод вадзіцеляў хуткай медыцынскай дапамогі праходзіў упершыню. Тым не менш, жадаючых прыняць у ім удзел было сапраўды шмат – прыкладна па 50 чалавек ад кожнай вобласці. Папярэднія конкурсныя адборы праходзілі на базе ўстаноў аховы здароўя, а паўфіналістаў вызначылі на абласным этапе спаборніцтваў.

«Надвор’е суперэкстрэмальнае, але нашых кіроўцаў гэта не спалохала, паколькі яны садзяцца за руль службовага аўтамабіля пры любых стыхійных умовах, бо іх праца – адзін з галоўных складнікаў аказання медыцынскай дапамогі нашаму насельніцтву – якаснай, даступнай і неадкладнай», – адзначыла яна.

Канкурсанты здавалі іспыты на веданне ПДР, прылад і тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, а таксама пацвярджалі кіроўчыя навыкі на аўтадроме ў спаборніцтвах па хуткасным манеўраванні. На практычным этапе ўдзельнікі выканалі каля дзесяці заданняў. Так, фігура «Тунэльныя вароты» прадугледжвала праехаць створ варот і не закрануць іх, «Каляіна» абавязвала пусціць колы дакладна паміж устаноўленых брускоў, у «Эстафеце» удзельнік павінен быў на хаду перавесіць кольца з адной стойкі на другую і пры гэтым нічога не страціць і не выпусціць.

Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства «Беларускі майстар» пад эгідай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі праходзіць амаль па двух дзясятках прафесій. Сярод іх – аператар машыннага даення, выратавальнік, медсястра, вальшчык лесу, швачка, цырульнік, повар-кулінар, муляр, прадавец, вадзіцель, фрэзероўшчык, фатограф і нават геадэзіст.

У працоўных спаборніцтвах удзельнічаюць прафесіяналы з усёй краіны: як маладыя спецыялісты, так і вопытныя майстры. Па словах арганізатараў, такія конкурсы не толькі расказваюць аб разнастайнасці прафесій, але і паказваюць спецыялістам, наколькі каштоўная іх праца, павышаюць прэстыж рабочых спецыяльнасцяў.

Традыцыйна пераможцаў ўсіх рэспубліканскіх этапаў ушаноўваюць у Мінску ў межах Рэспубліканскага прафсаюзнага фестывалю «Працоўныя таленты».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59