Рус Бел Eng 中文

Капрамонт моста праз чыгуначныя пуці на вуліцы Якубоўскага ў Магілёве плануецца пачаць 2 красавіка

Капрамонт моста праз чыгуначныя пуці на вуліцы Якубоўскага ў Магілёве плануецца пачаць 2 красавіка. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай тэме рамонту дарожна-вулічнай сеткі абласнога цэнтра, намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Веракса.

Паводле яго слоў, работы тут будуць весціся 5-6 месяцаў. Калі выявяць дадатковыя дэфекты, як гэта бывае падчас рамонту, тэрмін можа павялічыцца. «Мы разумеем, што пэўных праблемных момантаў тут не пазбегнуць, – заўважыў Аляксандр Веракса. – Рух на гэтым участку дарогі інтэнсіўны і, магчыма, прыйдзецца часткова перакрываць палосы».

Пуцеправод па вуліцы Якубоўскага стане апошнім з магілёўскіх мастоў, якія маюць найбольшую патрэбу ў рамонце. Да гэтага ў парадак прывялі масты па праспекце Шміта і Пушкінскім, праз раку Дубравенку па праспекце Міру і вуліцы Чалюскінцаў, раку Дзебра па праспекце Міру.

Што тычыцца пуцеправода на вуліцы Каралёва, паводле слоў Аляксандра Вераксы, ён дастаткова малады (уведзены ў эксплуатацыю ў 1995 годзе), таму капітальнага рамонту не патрабуе. Праўда, тут ёсць намер правесці бягучы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця.

У Магілёве 20 буйных мастоў. Некаторыя ўзведзены яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя, калі пасля вайны неабходна было хутка арганізаваць рух. Як адзначыў намеснік старшыні, тыя масты, што засталіся, абавязкова набудуць новы выгляд. Штогод у абласным цэнтры плануецца рамантаваць як мінімум адзін з іх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая