Рус Бел Eng 中文

Комплекс мерапрыемстваў па прапагандзе выкарыстання флікераў праводзіць 21-30 верасня Дзяржаўтаінспекцыя Магілёўскай вобласці

Комплекс прафілактычных мерапрыемстваў па прапагандзе выкарыстання флікераў сярод пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў праводзіць 21-30 верасня Дзяржаўтаінспекцыя рэгіёна. Пра гэта паведаміла інспектар ААіП ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Юлія Халамеева.

Галоўная мэта акцыі – папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам удзельнікаў дарожнага руху ў цёмны час сутак.

З пачатку 2018 года зарэгістравана 28 аварый з удзелам пешаходаў у цёмны час сутак, у іх 8 чалавек загінула і 21 атрымала траўмы. «Не задумваючыся пра ўласнае жыццё, пешаходы, як цені, выходзяць на цёмную дарогу, не знайшоўшы час абазначыць сябе святлоадбіўнымі элементамі, – адзначыла суразмоўца. –Велааматары таксама не адстаюць ад пешаходаў: і катаюцца, як захочуць, і дарогу перасякаюць, дзе ўздумаецца, і транспарт свой належным чынам не абазначаюць».

Ноччу або ва ўмовах недастатковай бачнасці ДТЗ са смяротным зыходам адбываюцца ў 3 разы часцей, чым днём. Асноўная прычына – дрэнная бачнасць аб’екта. У Беларусі ўведзена абавязковае нашэнне святлоадбівальнікаў для пешаходаў і веласіпедыстаў у цёмны час сутак. Штраф за правапарушэнне складае ад 1 да 3 базавых велічынь.

Возчыкам таксама важна быць бачным на дарозе і ў абавязковым парадку выкарыстоўваць святлоадбівальныя павязкі, але найлепшы варыянт – апранаць святлоадбівальныя камізэлькі.

«Паважаныя грамадзяне! Калі Вы заўважылі на праезджай частцы нецвярозага пешахода, веласіпедыста або возчыка коннага транспарту – не будзьце абыякавымі! Паводзіны п’янага на дарозе непрадказальныя. У вашых сілах прадухіліць трагедыю. Своечасова паведаміце ў міліцыю па тэлефоне 102 пра знаходжанне нецвярозага чалавека на дарозе. Магчыма, гэты званок уратуе чыёсьці жыццё!», – падкрэсліла Юлія Халамеева.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая