Рус Бел Eng 中文

Комплекс па вытворчасці мяса індычкі ў Клімавіцкім раёне пачнуць будаваць у кастрычніку

Будаўніцтва комплексу па вытворчасці мяса індычкі ў Клімавіцкім раёне плануюць пачаць у кастрычніку бягучага года. Пра гэта паведаміў падчас цырымоніі закладкі памятнай капсулы з пасланнем будучым пакаленням на месцы будаўніцтва прадпрыемства каля в. Барсукі віцэ-прэзідэнт групы кампаній ARVI Відас Гедвілас (Літва).

«Гэты інвестпраект рэалізуецца на Магілёўшчыне дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта Беларусі, а таксама ініцыятыўнасці мясцовых уладаў. Яго поспех будзе залежаць ад усіх нас, у тым ліку ад укладу жыхароў Клімавіцкага раёна, якія будуць працаваць на новым прадпрыемстве, – сказаў Відас Гедвілас. – У нашай кампаніі вялікі вопыт па вытворчасці мяса індычкі, і мы ўпэўнены, што нашы сумесныя намаганні прынясуць добры вынік».

У сваю чаргу старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што добрасуседскія адносіны Магілёўскай вобласці з рэгіёнамі Літвы дынамічна развіваюцца. «У вобласці паспяхова працуе шэраг прадпрыемстваў з літоўскім капіталам, і рэалізацыя яшчэ аднаго буйнога інвестыцыйнага праекта будзе садзейнічаць умацаванню нашых сяброўскіх адносінаў, а таксама надасць новы імпульс эканамічнаму развіццю паўднёва-ўсходняга рэгіёна і Клімавіцкага раёна», – падкрэсліў ён.

Ганаровыя госці прынялі ўдзел у цырымоніі закладкі памятнай капсулы з пасланнем будучым пакаленням.

Адпраўным пунктам у рэалізацыі інвестпраекта ў Клімавіцкім раёне стала даручэнне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Магілёўскаму аблвыканкаму прапрацаваць сумесна з кампаніяй ARVI пытанне аб арганізацыі вытворчасці мяса, пастаўленае пры наведванні ў мінулым годзе Лідскага раёна.

Праект прадугледжвае арганізацыю да канца 2020 года вытворчасці мяса індычкі поўнага цыклу, пачынаючы ад вырошчвання птушкі да паглыбленай перапрацоўкі мяса. Яго магутнасць складзе да 10 тыс. т прадукцыі ў год з перспектывай павелічэння да 15 тыс. т. Мінімальны аб’ём інвестыцый складзе каля 48 млн еўра. Плануецца стварыць каля 200 новых працоўных месцаў.

Комплекс будзе ўяўляць з сябе каля 30 ферм па гадоўлі і адкорму індычкі і памётасховішча, а таксама мясакамбінат, які складаецца з цэхаў забою і мясаперапрацоўчай прадукцыі. Праект будзе рэалізоўваць зарэгістраваная ў Клімавічах юрыдычная асоба ТАА «КЛІМАРВІ». Праектна-каштарысная дакументацыя праходзіць экспертызу.

Паводле слоў Відаса Гедвіласа, аналагічны комплекс паспяхова працуе ў Лідскім раёне. «Мы адчуваем падтрымку на месцах, жаданне развіваць тэрыторыі. Таму плануем актыўна развіваць існуючыя і ствараць новыя вытворчасці. Мясныя вырабы, якія будуць выпускацца ў Клімавіцкім раёне, будуць рэалізоўвацца як унутры краіны, так і экспартавацца ў суседнія дзяржавы, краіны ЕС», – сказаў ён.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая