Рус Бел Eng 中文

Курсантаў Магілёўскага інстытута МУС навучаюць англійскай мове да Еўрапейскіх гульняў-2019

Курсантаў Магілёўскага інстытута МУС навучаюць англійскай мове да Еўрапейскіх гульняў – 2019. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла афіцыйны прадстаўнік ВНУ Любоў Шумілка.

На працягу 2017-2018 навучальнага года прайшлі навучанне і ўжо атрымалі адпаведныя сертыфікаты 48 супрацоўнікаў ДАІ, міліцыі грамадскай бяспекі, унутраных войскаў. 26 верасня пачынаюцца заняткі ў апошняй, трэцяй групы супрацоўнікаў АУС, якіх выкладчыкі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін рыхтуюць да зносін з англамоўнымі гасцямі нашай краіны падчас Еўрапейскіх гульняў. Уступнае тэставанне пройдзе 12 супрацоўнікаў, а скончыцца навучанне да Новага года.

У гэты ж дзень у інстытуце правядуць Дзень еўрапейскіх моў. У праграме – конкурснае мерапрыемства са студэнтамі 1 курса факультэта міліцыі. Ім прапануюць зарыентавацца ў моўных сітуацыях, з якімі могуць сутыкнуцца супрацоўнікі органаў унутраных спраў пры ахове грамадскага парадку падчас Еўрапейскіх гульняў (зносіны на чыгуначным і паветраным транспарце, у магазіне, на спартыўным аб’екце). Такім чынам, курсанты прадэманструюць валоданне англійскай мовай, а таксама агульную камунікацыйную кампетэнтнасць.

Акрамя таго, кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін 26 верасня частку навучальных заняткаў перавядзе з рускай на беларускую мову – таксама еўрапейскую. На роднай для нас мове прагучыць лекцыя па дысцыпліне «Рыторыка» для курсантаў аддзялення завочнага навучання. А хлопцы з факультэта міліцыі, якія вырашаць адказваць на семінарскіх занятках па дысцыплінах «Філасофія», «Эканоміка» і «Гісторыя дзяржавы і права замежных краін» на беларускай мове, змогуць разлічваць на дадатковыя балы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая