Рус Бел Eng 中文

Магілёў 27 верасня прыме Беларуска-кітайскі бізнес-форум

Беларуска-кітайскі бізнес-форум «Адзін пояс – адзін шлях: Магілёўская вобласць і правінцыя Цзянсу разам у будучыню» пройдзе 27 верасня ў горадзе на Дняпры, паведамілі ў камітэце эканомікі Магілёўскага аблвыканкама.

Мяркуецца, што ў сталіцу Прыдняпроўскага краю прыедзе каля 40 гасцей з Паднябеснай. Кітайскую дэлегацыю, у склад якой увойдуць супрацоўнікі Народнага ўрада, кіраўнікі буйных карпарацый і прадстаўнікі дзелавых колаў, узначаліць губернатар правінцыі Цзянсу У Чжэнлун.

Праграмай запланавана афіцыйная сустрэча старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага з кіраўніком правінцыі Цзянсу, а таксама падпісанне шэрагу дакументаў аб супрацоўніцтве. У прыватнасці, будзе заверана Праграма (дарожная карта) асноўных мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва паміж Магілёўскай вобласцю і правінцыяй Цзянсу на 2018-2020 гады. Бакі паставяць подпісы пад двума пратаколамі: аб намерах паміж Магілёўскім аблвыканкамам і кампаніяй SUMEC, супрацоўніцтве паміж Магілёўскім дзяржаўным аб’яднаннем «Мясамалпрам» і кампаніяй JOC. Плануецца зацвердзіць чатыры мемарандумы: аб сумесным удзеле ў будаўніцтве Эканамічнага пояса Шаўковага шляху паміж Магілёўскай вобласцю і правінцыяй Цзянсу; аб супрацоўніцтве ў сферы гандлю паміж камітэтам эканомікі Магілёўскага аблвыканкама і Дэпартаментам камерцыі Народнага Урада правінцыі Цзянсу; аб супрацоўніцтве па пытаннях гандлю паміж ААТ «Бабушкина крынка» і дзвюма кітайскімі кампаніямі – JiangsuCereals, Oils & Foodstuffs I / E GroupCorp і Suguo Supermarket Co., Ltd.

Акрамя таго, падчас форуму адбудуцца сустрэчы дзелавых колаў двух рэгіёнаў, прэзентацыі, перагаворы ў фармаце В2В. Кітайскія госці азнаёмяцца з работай ААТ «Бабушкина крынка» і «Магілёўскі мясакамбінат», наведаюць мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле» і ўскладуць кветкі да памятнай капліцы, да каменя К.М. Сіманава. 28 верасня кітайская дэлегацыя адправіцца ў Мінск, дзе таксама запланавана вялікая праграма.

Партнёрства з правінцыяй Цзянсу з’яўляецца для Магілёўшчыны найбольш прадуктыўным кірункам у супрацоўніцтве з прадстаўнікамі Паднябеснай. За перыяд устанаўлення адносін паміж рэгіёнамі (пагадненне было падпісана 10 мая 2015 года) прадстаўнікі гэтай правінцыі з’яўляюцца частымі гасцямі Прыдняпроўскага краю.

Цзянсу – усходняя правінцыя Кітайскай Народнай Рэспублікі, размешчаная на ўзбярэжжы Жоўтага мора. Яна з’яўляецца адной з найважнейшых правінцый Паднябеснай, займаючы вядучыя пазіцыі па эканамічным развіцці, аграрнай і індустрыяльнай прадукцыі, а таксама ўзроўню жыцця насельніцтва. Тут пражывае больш за 78 млн. чалавек. Адміністрацыйны цэнтр – Нанкін, які некалькі разоў на працягу гісторыі станавіўся сталіцай Кітая. Дарэчы, у 2016 годзе быў падпісаны дагавор аб пабрацімстве паміж гарадамі Нанкін і Магілёў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая