Рус Бел Eng 中文

«Магілёўхімвалакно» пачне выпуск сучаснага поліэфірнага валакна ў ліпені

ААТ «Магілёўхімвалакно» плануе ў ліпені запусціць вытворчасць па выпуску поліэфірнага валакна спосабам прамога фармавання. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Пётр Руднік.

Гэта будзе першая чарга рэалізацыі буйнога інвестыцыйнага праекта «Комплекс па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі». «Новае абсталяванне магутнасцю 50 тыс. т у год дазволіць атрымаць новы асартымент сінтэтычных валокнаў, запатрабаваных на рынках далёкага і блізкага замежжа», – адзначыў гендырэктар.

Больш за 90 вялікагрузных аўтамабіляў ужо даставілі на прадпрыемства тэхналагічнае абсталяванне кампаніі Oerlikon Neumag (ФРГ) на суму каля 16 млн еўра. На будаўнічай пляцоўцы ўзводзяцца вытворчыя будынкі аддзялення фармавання і аздаблення поліэфірнага валакна. Зараз спынены хімічны цэх № 2 для правядзення рэканструкцыі і мантажу абсталявання.

Другая чарга прадугледжвае будаўніцтва тэхналагічна ўвязаных паміж сабой установак бесперапыннай полікандэнсацыі ПЭТ, ліній па вытворчасці поліэфірнага валакна, устаноўкі даполікандэнсацыі і вытворчасці тэхнічных нітак. У снежні 2017 года быў заключаны кантракт з нямецкай кампаніяй Oerlikon Barmag на пастаўку тэхналагічнага абсталявання цвёрдафазнай даполікандэнсацыі поліэтылентэрэфталату і ліній па вытворчасці тэхнічных нітак спосабам сумешчанага фармавання, выцяжкі і намоткі.

Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта дасць магчымасць прадпрыемству абнавіць абсталяванне і цалкам перайсці на сучасныя тэхналогіі вытворчасці грануляту ПЭТ, поліэфірнага валакна і поліэфірных тэхнічных нітак.

Гэта значна знізіць затраты на вытворчасць, да таго ж з’явіцца магчымасць пашырыць асартыментны шэраг поліэфірных тэхнічных нітак за кошт выпуску «тонкіх» асартыментаў. «Правядзенне комплекснай мадэрнізацыі вытворчасці дазволіць выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, якая сёння запатрабавана не толькі ў нашай краіне, але ў блізкім і далёкім замежжы. У канчатковым выніку гэта дазволіць прадпрыемству працаваць стабільна і больш эфектыўна, значна палепшыць эканамічныя паказчыкі», – падкрэсліў Пётр Руднік.

У ходзе мадэрнізацыі з эксплуатацыі будуць выведзены высоказатратныя, нізкаэфектыўныя і састарэлыя вытворчасці. У поўным аб’ёме будзе забяспечана сыравінай (гранулятам ПЭТ) палепшанай якасці ААТ «СветлагорскХімвалакно».

Будаваць комплекс па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі будуць у некалькі этапаў і павінны завяршыць да 2020 года. Праект ацэньваецца больш чым у Вr100 млн.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая