Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча сёння афіцыйна адсвяткавала наваселле, перадае карэспандэнт сайта.

Новую базу навучальная ўстанова атрымала на вуліцы Касманаўтаў. Комплекс былога прафесійнага ліцэя №5 адрамантавалі. Зараз у распараджэнні выкладчыкаў і навучэнцаў 4-павярховы корпус, дзе створаны сучасныя ўмовы для навучальнага і выхаваўчага працэсу. У прасторных кабінетах устаноўлена новая мэбля, мультымедыйнае абсталяванне. Ёсць спартыўная і актавая залы, сталовая на 180 месцаў. Будынак абсталяваны сістэмай відэаназірання. Побач размяшчаецца навучальны пляц і стадыён.

Акрамя таго, значна палепшыліся бытавыя ўмовы, у якіх пражываюць хлопцы. Разам з новым корпусам яны атрымалі асобны інтэрнат, дзе размяшчаюцца ў пакоях па тры чалавекі. Тут абсталявана пральня, памяшканні для падрыхтоўкі і адпачынку, падрыхтоўкі ежы. Дарэчы, раней навучальныя класы і памяшканні для пражывання знаходзіліся ў адным будынку на плошчы Арджанікідзэ, і атрымліваць веды, жыць хлопцам даводзілася ў цесных умовах – у кубрыках па 18-20 чалавек.

«Створанае 16 гадоў таму ў Магілёве вучылішча стала піянерам кадэцкага руху ў краіне, – адзначыў на цырымоніі адкрыцця старшыня Вярхоўнага суда краіны Валянцін Сукала. – Дасягнутыя тут вынікі даюць падставу для яго далейшага ўдасканалення. І невыпадкова наваселле прымеркавана да 7 лістапада, бо свята ў апошнія гады набыло іншае гучанне і сэнс. Гэта-падарункі, новыя магчымасці, адкрыццё значных аб’ектаў» Ён пажадаў кадэтам стаць сапраўднымі грамадзянамі краіны, патрыётамі, абаронцамі Айчыны і ўручыў у падарунак комплекс спартыўных трэнажораў.

З наваселлем калектыў і выхаванцаў вучылішча сёння таксама віншавалі прадстаўнікі выканаўчай улады, Камітэта дзяржбяспекі, УУС, абласнога і эканамічнага судоў, пракуратуры, ваеннага камісарыята, інстытута МУС, вайсковых частак №72471 і №6713, БРСМ, царквы і інш.

Так, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч адзначыў, што адкрыццё корпуса – знакавая вяха ў гісторыі і станаўленні навучальнай установы. У той жа час гэта толькі пачатак вялікай і карпатлівай працы па далейшым удасканаленні і ўладкаванні новай базы размяшчэння вучылішча, у абнаўленне якой за два апошнія гады было накіравана больш за Br1, 5 млн.

Звяртаючыся да кадэтаў, Андрэй Кунцэвіч падкрэсліў: «На вашых плячах пагоны, хай пакуль яшчэ не афіцэрскія, а кадэцкія. А да чалавека ў пагонах у нашым грамадстве ва ўсе часы было не толькі асаблівае стаўленне. На яго ўскладаліся і асаблівыя абавязкі – быць прыкладам для іншых, апорай і абаронай для слабых, быць надзеяй і гонарам сваёй краіны. Заўсёды памятайце пра гэта».

Кіраўніцтву кадэцкага вучылішча ад Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч уручыў сертыфікат на Вг50 тыс. для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Многія выкладчыкі і навучэнцы падчас урачыстага пастраення атрымалі падзячныя лісты і граматы, а двое выхаванцаў вучылішча – Дзмітрый Сіліч і Дзмітрый Ломжа – нагрудныя знакі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў» «За служэнне Радзіме з дзяцінства».

Кадэцкая школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і цяжкіх падлеткаў была адкрыта ў Магілёве ў 2002 годзе. А ў 2012-ым атрымала статус кадэцкага вучылішча. З тых часоў змянілася многае: вучыцца тут лічыцца прэстыжным: конкурс у 8-я класы складае больш за 2 чалавекі на месца, а на дабор у дзясятыя – 5-6 прэтэндэнтаў. Традыцыйна выпускнікі паказваюць высокі працэнт паступлення ў сілавыя ВНУ краіны.

Сёння ў вучылішчы займаецца і жыве 150 выхаванцаў ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў з Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай, Брэсцкай абласцей. Яны не толькі спасцігаюць школьную праграму, асновы ваеннага мастацтва, рукапашнага бою, харэаграфію, але і адпачываюць, падарожнічаюць па краіне. Кадэты – актыўныя ўдзельнікі акцый, урачыстых мерапрыемстваў, парадаў і конкурсаў, якія праводзяцца ў рэгіёне.

У планах у кіраўніцтва вучылішча – далейшае ўмацаванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы. Тут маюць намер абсталяваць залы дасягненняў, харэаграфіі, адзінаборстваў, агнявой падрыхтоўкі, трэнажорную залу, а таксама стварыць музейны пакой.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:35
19.08.2020 - 15:25
18.08.2020 - 20:45
У Магілёве прайшоў мітынг у падтрымку міру, бяспекі і спакою. Відэа
18.08.2020 - 14:02
COVIND-19 і другая хваля: калі чакаць? Адказвае эпідэміёлаг Ірына Бас
17.08.2020 - 11:28
14.08.2020 - 16:43
ЦВК зацвердзіла вынікі выбараў: Прэзідэнтам выбраны Аляксандр Лукашэнка